Ждановіцкі сельвыканкам зьвернецца ў суд Менскага раёну, каб скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю тэнісных кортаў у Ратамцы, якія пабудаваў бізнэсовец Сяргей Тарасюк.
Пра гэта Свабодзе сказала старшыня Ждановіцкага сельвыканкаму Сьвятлана Капусьціна.
Шэсьць гадоў таму Сяргей Тарасюк набыў дом з надзелам у Ратамцы, потым аб’яднаў зь некалькімі суседнімі і адкрыў аграсядзібу. Атрымаў дазвол ад Ждановіцкага сельсавету і зрабіў там тэнісныя корты. Пазьней пачалася пракурорская праверка, бізнэсоўца зьвінавацілі ў нямэтавым выкарыстаньні зямлі.
Сяргей Тарасюк спасылаўся на ўказ прэзыдэнта, які дазваляе выкарыстоўваць землі асабістай падсобнай гаспадаркі для арганізацыі спартовых пляцовак. Але суд ён прайграў. Потым высьветлілася, што ў 2013 годзе мясцовыя ўлады зарэгістравалі на Сяргея Тарасюка першы зямельны надзел, калі ён яшчэ ня быў прапісаны ў доме.
У 2017 годзе ўлады вырашылі, што зямля была дадзеная Сяргею Тарасюку незаконна, і праз суд яму анулявалі рэгістрацыю на ўсе надзелы.
Цяпер будзе вырашацца пытаньне пра скасаваньне рэгістрацыі тэнісных кортаў ды іншых будынкаў на гэтай зямлі.
Пра тэнісныя корты Раманчук расказаў Лукашэнку
Пра тое, што тэнісныя корты ў Ратамцы пагражаюць зьнесьці, падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксандру Лукашэнку сказаў эканаміст Яраслаў Раманчук.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта «жахлівы выпадак», і паабяцаў неадкладна разабрацца.
«Гэта не дзяржава, калі менавіта так адбываецца. Разборкі будуць вельмі жорсткія», — сказаў Лукашэнка.
Пасьля гэтага Сяргея Тарасюка запрасілі на сустрэчу з кіраўніцай адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай.
Яраслаў Раманчук сказаў карэспандэнту Свабоды, што пакуль рашэньня няма. Ён спадзяецца, што Натальля Качанава пасьпее разабрацца ў скандальнай сытуацыі.
«Лукашэнка павінен адказаць. Паднялі ўсіх на вушы. У чыноўнікаў свая лёгіка: калі няма загаду, то яны так робяць».
«Якія могуць быць пабудовы на чужой зямлі?»
Паводле Сьвятланы Капусьцінай, 26 сакавіка пытаньне абмяркоўвалі на пасяджэньні выканкаму.
«Каб прыняць рашэньне пра знос, трэба скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю капітальных будынкаў. Мы вырашылі, што будзем зьвяртацца ў БРТІ, каб высьветліць, якія капітальныя будынкі зарэгістраваныя на зямельным надзеле. Атрымаем інфармацыю і зь ёю будзем зьвяртацца ў суд Менскага раёну. Толькі пасьля гэтага будзе прымацца рашэньне пра знос», — сказала Сьвятлана Капусьціна.
Старшыня Ждановіцкага сельвыканкаму настойвае на тым, што дзяржаўная рэгістрацыя зямельных надзелаў скасаванаая судом: «То бок калі ў яго няма зямлі, якія могуць быць пабудовы на чужой зямлі?»
Сяргей Тарасюк сказаў карэспандэнту Свабоды, што яго на пасяджэньне выканкаму не запрашалі, «усё робіцца цішком і кулюарна».
«Складана зразумець, на якія будынкі яны будуць падаваць у суд. Скасоўваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі жылога дому і зносіць яго? Гэта нейкая лухта. Ён быў набыты ў папярэдняга гаспадара і перайшоў разам зь зямлёй. І там жыве сям’я. Мы ўжо нічому ня дзівімся, але гэта ўжо выходзіць за рамкі разуменьня», — кажа бізнэсовец.
Зносам пагражаюць і іншым будынкам
Сяргей Тарасюк — адзін з заснавальнікаў кампаніі «Рэві Тар Інвэст», якая мае шэраг будынкаў каля станцыяў менскага мэтро «Ўсход» і «Каменная горка». Менгарыканкам спачатку дазволіў іх будаваць, а цяпер намагаецца зьнесьці будынкі, дамагчыся праз суд скасаваньня іх дзяржаўнай рэгістрацыі.
Чыноўнікі тлумачаць, што 10-15 гадоў таму пры выдачы дазвольных дакумэнтаў на будаўніцтва супрацоўнікі гарвыканкаму зрабілі памылкі, якія выявіў маніторынг Камітэту дзяржаўнага кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта бандыцкі захоп». Менгарвыканкам патрабуе ад інвэстара зьнесьці будынкі, якія арандуюць Burger King і KFCЦяпер эканамічны суд першай інстанцыі прызнаў незаконнай рэгістрацыю двух аб’ектаў кампаніі каля станцыі мэтро «Каменная Горка». У іх працуюць Texas Chicken і «Піца Фут». Дзяржаўную рэгістрацыю будынкаў, дзе адкрытыя KFC і Burger King, суд палічыў законнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура апратэставала рашэньне аб зносе будынкаў KFC і Burger King у МенскуСяргей Тарасюк сказаў, што па рашэньні суду будзе падаваць апэляцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры мільёны даляраў стратаў для інвэстара. У Менску зносяць аб’ект, які ўлады палічылі незаконным