Бахарэвіч vs Марціновіч. 15 яскравых цытатаў з «Інтэлектуальнага клюбу» Алексіевіч. ВІДЭА

Новы сэзон паседжаньняў «Інтэлектуальнага клюбу» нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч аднавіўся 26 сакавіка ў Літоўскай амбасадзе ў Менску. Першыя госьці клюбу — папулярныя беларускія пісьменьнікі Альгерд Бахарэвіч і Віктар Марціновіч. Мадэратарка імпрэзы — журналістка Сьвятлана Калінкіна. Свабода вяла жывую трансьляцыю і сабрала самыя цікавыя цытаты з інтэлектуальнага двубою.

Пра кампраміс

Віктар Марціновіч: «Кампраміс магчымы ў тых момантах, калі ёсьць дзьве роўныя сілы, якія супрацьстаяць адна адной. Відавочна, што сытуацыя, у якой мы знаходзімся, — гэта не сытуацыя кампрамісу.

З нашага боку ёсьць пэўная колькасьць думак, тэкстаў, мастацкіх вобразаў. Зь іншага боку — уся моц дзяржавы зь яе рэпрэсіўным апаратам, сыстэмамі кіраваньня і вэртыкальлю».

Альгерд Бахарэвіч: «Адносна кампрамісу мне прыгадаліся словы, якія прыпісваюць Гётэ: “Здаровыя кампрамісы ператвараюць канфлікты ў хранічныя хваробы”.

У кампрамісе заўжды ёсьць нешта нездаровае. Кампрамісы не вядуць ні да чаго добрага.

З боку беларускай улады мы бачым, што любы кампраміс яна ўспрымае як нашу слабасьць.

Для мяне ўлада, пры якой мы жывем, — гэта ўлада пашлякоў. Які кампраміс ты можаш знайсьці з пошласьцю? Калі ты пісьменьнік, то натуральна, ніякага».

Альгерд Бахарэвіч

​Пра (не)адзіную Беларусь

Марціновіч: «Мы пэрманэнтна зьмешчаныя ў сытуацыю задушнага абсурду. Абсурд — калі Дзяржсакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась кажа ў інтэрвію, што беларуская мова — гэта нешта важнае, а празь некалькі гадзін людзей, якія зьбіраюцца сьпяваць на беларускай мове, затрымліваюць для высьвятленьня асобаў.

Наяўнасьць гэтых дзьвюх Беларусяў — як раз адно з наступстваў гэтага абсурду. Але абсурд ці шызафрэнія выбягаюць з таго, што так будзе заўсёды. Два пісьменьніцкія саюзы, дзьве палітычныя партыі. Гэта Кафка. Які б выбар ты ні зрабіў, у тваёй рэчаіснасьці ён будзе правільным, а ў другім вымярэньні — памылковым».

Віктар Марціновіч

Бахарэвіч: «Адзіная Беларусь — гэта абсалютная ўтопія. Ніякай адзінай Беларусі ў нас ніколі ня будзе. І іх ня дзьве, а заўсёды будзе больш. Гэта ня тая краіна, якая можа дазволіць сабе нейкую гамагеннасьць. Тут заўсёды будзе існаваць вялікае прарасейскае крыло. Была б дзяржава прытомная — змагалася б з прарасейскім крылом, а так яна наадварот яго нейкім чынам заахвочвае.

Трэба адмовіцца ад ілюзій. Адзінай Беларусі тут ня будзе. Беларусь — гэта краіна, якая заўжды была ў змаганьні. І дзякуючы змаганьню, яна існуе дагэтуль».

Пра нацыянальную ідэю

Марціновіч: «Нацыянальную ідэю я б сфармуляваў наступным чынам: мы — памежнікі. Мы жывем на мяжы двух аграменных культур, дзе каталіцызм і пратэстантызм сутыкаюцца з праваслаўем, а Захад сутыкаецца з Усходам. Мы добра разумеем рускіх, палякаў, немцаў. Мы можам адным патлумачыць іншых, іншым патлумачыць рускіх. Людзей, якія разумеюць рускіх, вельмі няшмат. На мой погляд, наша нацыянальныя ідэя — у транзыце, перакладніцтве, узаемным вытлумачэньні».

Сьвятлана Алексіевіч

Бахарэвіч: «Гаварыць пра нацыянальную ідэю ў 2019-м ужо трошачкі пазнавата, калі ўсе інтэлектуалы сьвету з жахам глядзяць у будучыню на штучны інтэлект. Калі ўсё ж нацыянальная ідэя мусіць быць, мне б хацелася, каб гэтай ідэяй стала мова. Мова магла б аб’яднаць людзей адной нацыі. Але, на мой вялікі жаль, беларусы і такую нацыянальную ідэю ня ўспрымуць.

Магчыма, такой ідэяй магла б стаць ідэя Эўропы. У Беларусі знойдзецца вельмі мала людзей, якія б мелі нешта супраць Эўропы і Эўразьвязу».

Культуроляг Максім Жбанкоў (зьлева) і рэстаратар Вадзім Пракоп'еў

​Пра турму

Марціновіч: «Зараз арыштоўваюць не адзінкамі. Гэта файна прадэманстравала «Справа БелТА». Зараз прыходзяць за цэлымі аддзеламі — дактароў бяруць тузінамі. Турма зрабілася проста шляхам вырашэньня любых праблем. Саджаюць амаль усіх. Наша траўма ў асноўным ляжыць у тым, што назапашваецца велізарнае пачуцьцё несправядлівасьці».

Пра нацыянальную траўму

Бахарэвіч: «Калі мы на нешта заплюшчым вочы, гэта ні да чаго добрага не прывядзе. Любая траўма мусіць быць прагавораная. Любая рана мусіць закрыцца. І мы мусім бачыць, як яна закрываецца. Уласныя траўмы трэба прагаворваць.

Што стаіць за словамі «нацыя кампрамісу»? Ня толькі талерантнасьць і мірнае суіснаваньне. За гэтымі словамі стаіць паслухмянасьць, рабская псыхалёгія і жаданьне схавацца за вобразам ахвяры. Насамрэч гэта міты, штучныя канструкты. Якая талерантнасьць? Паглядзіце, як у Беларусі ставяцца да ўцекачоў з Чачні ці ЛГБТ-людзей? Давайце будзем гаварыць шчыра і адкрыта, што ўсё кепска, што ніякай адзінай Беларусі ня будзе і што пакуль людзі не зразумеюць важнасьць культуры, то не закрыецца гэтая рана, не зацішыцца гэтакі боль».

Сядзяць выдавец Ігар Логвінаў (зьлева) і мастак Артур Клінаў

​Пра прафэсію пісьменьніка

Марціновіч: «Мы ж не змагары. Мы проста пішам свае творы. Мы ня пішам пра палітыку, не выказваемся пра палітыку. У пэўны момант перад табою паўстае выбар: ты ўдзельнічаеш у арганізаванай дзяржавай выставе кніжным кірмашы ці ня ўдзельнічаеш. Глябальна гэта пра ўласную чульлівасьць да той свабоды, якая ў цябе ёсьць або няма».

Бахарэвіч: «Усе мы, незалежна ад таго, бізнэсмэны, пісьменьнікі ці рабочыя, хочам у жыцьці трох рэчаў: кахаць і быць каханымі, самарэалізоўвацца і быць свабоднымі. У нашай краіне мы маем права кахаць і быць каханымі і самарэалізоўвацца. І толькі адно права ў нас узялі і забралі. І пакуль у нас ёсьць астатнія два, мы яшчэ можам неяк жыць. Але таго права ўсё роўна няма. І гэта кампраміс — думаць, што можна так жыць, не задавацца ніякімі пытаньнямі. А наш зь Віктарам бізнэс — задавацца такімі пытаньнямі».

Мадэрадатарка дыскусіі Сьвятлана Калінкіна

Пра сытуацыю з культурай

Марціновіч: «Ці патрэбны новай Беларусі міністар культуры? Калі і патрэбны, то дакладна ня з тымі функцыямі, якія ёсьць у міністра культуры сёньня. Я б даў тры парады.

  1. Трэба нешта хутка і тэрмінова рабіць зь перакладамі на іншыя мовы зь беларускай мовы. Усе грошы ў нас ідуць на спорт, на што заўгодна, толькі не на літаратуру.
  2. Нешта трэба рабіць з кінэматографам. Пэўныя рухі ўжо ёсьць. Прыстойны фільм атрымоўваецца пра Купалу. Але гэтага мала. Трэба нешта рабіць, каб у нас зьявілася прадусарскае прыватнае кіно.
  3. Трэба нешта рабіць з тэатрам. Няправільна, калі самы галоўны спэктакль у самым галоўным тэатры Беларусі, пастаўлены па Гогалю».

Бахарэвіч: «Культуры не патрэбныя міністры, культуры патрэбная свабода. Калі ёсьць свабода, яна пачынае разьвівацца сама. Беларускай дзяржаўнай квазікультуры не хапае жыцьцядайнай дзікасьці. І наогул штосьці раіць міністру культуры я б адмовіўся. Варта зразумець адно: або ты пішаш кніжкі, або ты размаўляеш зь міністрамі».

Пытаньне задае аналітык Радыё Свабода Віталь Цыганкоў

Пра (ня)ўдзел у палітыцы

Марціновіч: «Я ня ўдзельнічаю ў палітыцы, таму што не імкнуся да ролі кіраўніка чагось. Я нават сваёй коткай не магу кіраваць. Пісьменьнік — гэта чалавек, які трымае вочы расплюшчанымі. Які ня сьпіць нават тады, калі ўсе паснулі. Калі ўсе маўчаць, таму што ім страшна, мы мусім гаварыць. Але, на мой погляд, гэта не палітыка. Магчыма, гэта ўварваньне ў грамадзка-палітычную сфэру.

Для мяне пытаньне ўдзелу ў палітыцы закрытае назаўсёды. Я ніколі ня буду вылучацца ў дэпутаты ці прэзыдэнты. Я добра ўсьведамляю, што гэта не маё. Як любы пісьменьнік, я інтравэрт, і таму мне прасьцей існаваць у сваім уяўным сьвеце».

Бахарэвіч: «Літаратура сама па сабе ёсьць палітычным заняткам. Калі ў мяне пытаюцца, чаму можа навучыць літаратура, я адказваю, што літаратура самім фактам існаваньня — сама па сабе вялікі палітычны акт. Таму як бы ні падавалася, што мы далёкія ад палітыкі, мы вельмі палітычныя людзі зь вельмі палітычным заняткам.

Пра тое, што дасьць чытачу творчасьць Бахарэвіча і Марціновіча

Бахарэвіч: «Уважліва і зь любоўю, а таксама з пэўным сумневам чытаючы Бахарэвіча ці Марціновіча, чалавек можа стаць толькі больш свабодным. Ён ня зробіцца ні лепшым грамадзянінам, ні большым беларусам, але ён зробіцца вольным».

Марціновіч: «Чытаючы мяне ці Альгерда, нашыя чытачы могуць прыгадаць, што белае ёсьць белым, а чорнае — чорным, пра тое, што такое дабро, што такое блага, пра тое, што мы даўным-даўно забыліся».

​Наступным госьцем у «Інтэлектуальным клюбе» Сьвятланы Алексіевіч будзе беларускі ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня.

Раней гасьцямі «Інтэлектуальнага клюбу» былі перакладчыца, паэтка, тэоляг Вольга Седакова, пісьменьнікі Ўладзімер Сарокін, Людміла Ўліцкая, Рута Ванагайце, рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, выбітны францускі дакумэнталіст і фатограф Ян Арт’юс Бэртран ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзей, якія хочуць новую Беларусь, вельмі шмат» — Алексіевіч пра Бога, мовы і тое, як стаць беларусамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч аднаўляе «Інтэлектуальны клюб». Прыедуць Снайдэр і Пракапеня