Украінскія і беларускія актывісты ды добраахвотнікі зладзілі каля амбасады Беларусі ў Кіеве акцыю салідарнасьці з затрыманымі у Менску ў Дзень Волі.
Удзельнікі пікету трымалі плякат з надпісам «Свабоду палітвязьням», а таксама сьпіс затрыманых у Беларусі актывістаў.
З амбасады да ўдзельнікаў акцыі ніхто ня выйшаў, але акцыя адбывалася пад наглядам супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны і паліцыі дыялёгу, створанай адмыслова для забесьпячэньня парадку ў часе правядзеньня мірных сходаў.
«Беларуская ўлада мусіць памятаць прыклад Румыніі, бо ўсё можа зьмяніцца зьнянацку. А пакуль у Беларусі ёсьць такія людзі, якія нават пад пагрозай затрыманьня не баяцца выйсьці на вуліцу, беларуская нацыя жыве і яна змагаецца», — сказаў лідэр добраахвотніцкага руху «АЎН» Мікола Каханіўскі.
Яшчэ адзін украінскі актывіст у размове з журналістамі пашкадаваў, што на акцыю салідарнасьці прыйшло няшмат людзей: «Мы мусілі б прадэманстраваць мацней сваю падтрымку, бо права на мірныя сходы прадугледжана міжнароднымі актамі, а калі на іх затрымліваюць грамадзян — гэта парушэньне свабодаў і правоў чалавека. Мне здаецца, што пасьля ўчорашніх затрыманьняў у Беларусі сюды, пад амбасаду, мусілі прыйсьці тысячы ўкраінцаў».
У часе акцыі ўдзельнікі выгуквалі «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне», «Свабоду палітвязьням!»