Пасьля затрыманьняў 25 сакавіка на менскіх пешаходных вуліцах блогер Антон Матолька стварыў на сайце Petitions.by зварот да Міністэрства ўнутраных справаў і Менгарвыканкаму з пытаньнямі да іх кіраўнікоў і патрабаваньнем зьняць забарону на выступы артыстаў на вуліцах Камсамольскай і Рэвалюцыйнай.
Лявон Вольскі анансаваў у Facebook, што зьбіраецца прайсьціся зь сябрамі па пешаходных вуліцах і што можа ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Паглядзець на гэта прыйшлі дзясяткі чалавек.
Музыкаў (а таксама жонку Вольскага) затрымалі АМАП і «людзі ў цывільным», як толькі яны прыйшлі на скрыжаваньне Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Людзі, якія прыйшлі паглядзець на «шпацыр» музыкаў, пасьля гэтага сьпявалі «Тры чарапахі», «Паветраны шар» і «Простыя словы». Міліцыянт пагражаў ім затрыманьнямі і гвалтам, людзі прасьпявалі яшчэ некалькі песень і разышліся.
Праз тры гадзіны па затрыманьні музыкаў выпусьцілі з РУУС ( да таго супрацоўнікі РУУС сьцьвярджалі, што ў іх няма названых людзей) без складаньня пратаколаў аб правапарушэньнях. Як расказаў Варашкевіч, праваахоўнікі адмовіліся ад таго, каб ім сьпелі пасьля затрыманьня, з творчасьцю сьпевакоў яны не былі знаёмыя.
У той жа вечар побач, на Кастрычніцкай плошчы, адбываліся затрыманьні палітыкаў і актывістаў. Амаль усіх вызвалілі, але затрыманымі застаюцца Алена Талстая, якая прыкавала сябе кайданкамі да слупа, а таксама затрыманыя днём раней Зьміцер Дашкевіч і Натальля Басалыга-Гарачка. Пасьля вызваленьня музыкаў і палітыкаў была затрыманая жанчына, якая хадзіла па цэнтры гораду зь бел-чырвона-белым сьцягам. У чым абвінавачваюць затрыманых, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Волі – 2019. Максымальна сьціслаСтаршыню Менгарвыканаму Анатоля Сівака ў пэтыцыі пытаюць, чаму ў сталіцы краіны ў цэнтры Эўропы, на пешаходнай вуліцы, у якую былі ўкладзеныя мільёны рублёў падчас рэканструкцыі, забаронена граць вулічным музыкам. Міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча пытаюць, якім чынам дзеяньні ягоных падапечных адпавядаюць Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі.
«Наперадзе другія Эўрапейскія гульні, на якія прыедуць госьці з многіх краінаў, у якіх ёсьць такая традыцыя, — пішуць у звароце пра вулічных артыстаў. — Што мы ім хочам паказаць? Пустую вуліцу з гранітнай пліткай і 623 слупкі?»