Вядомага віцебскага апазыцыйнага актывіста Барыса Хамайду міліцыя затрымала і склала пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.
25 сакавіка Барыс Хамайда выйшаў у цэнтар Віцебска з адзіночным пікетам, але ягоную акцыю спыніла міліцыя і склала пратокол за «загрувашчваньне вуліцы» — паводле арт. 21.14 КаАП («парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў»).
Хамайда прыйшоў на месца ў цэнтры Віцебску, дзе штодня распаўсюджвае незалежную прэсу. Але яго ўжо чакалі міліцыянты ў цывільным. Хамайда адмыслова рыхтаваўся да Дня Волі: узяў з сабой сьцяг Віцебска зь бел-чырвона-белай стужкай і невялікі плякат. На ім — словы расейскага пісьменьніка Івана Буніна, які некалі наведаў Віцебск і зрабіў выснову: «Город Витебск древний и нерусский».
Прастаяць Хамайда пасьпеў каля 10 хвілін. Міліцыянты ў цывільным выклікалі службовую машыну, на якой яго завезьлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску. Там на актывіста склалі пратакол пра адміністрацыйнае парушэньне, які будзе разьбіраць адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну. Калі гэта будзе дакладна, Барысу Хамайду не паведамілі.
Гэта ўжо другое затрыманьне Хамайды цягам месяца за «загрувашчваньне вуліцы». На думку Хамайды, міліцыя знарок пазьбягае ўжываць супраць яго «палітычны» артыкул за несанкцыянаванае пікетаваньне, каб не прыцягваць увагу грамадзкасьці.