«Будаваў мост паміж беларусамі і ўкраінцамі». Ня стала перакладчыка Валера Стралко

Саюз беларускіх пісьменьнікаў паведаміў пра сьмерць перакладчыка Валера Стралко. Яму было 80 гадоў.

Ён добра вядомы шматлікімі перакладамі беларускай літаратуры на ўкраінскую мову і наадварот. Сярод перакладзеных ім беларускіх аўтараў — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч ды многія іншыя.

Валер Стралко атрымаў тэхнічную адукацыю, працаваў у праектных і канструктарскіх інстытутах. Беларускую мову вывучыў самастойна. Прафэсійна займацца перакладчыцкай справай пачаў, калі яму споўнілася 50, за кароткі час дасягнуўшы значных посьпехаў.

Янушкевіч: «Вялікая страта для Беларусі і Ўкраіны»

Пра ўнёсак Валера Стралко ў беларуска-ўкраінскую перакладчыцкую справу Свабодзе гаворыць літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч. Ён кажа, што калега неаднаразова гасьцяваў у яго ў Ракаве: ня толькі адпачываў, а і дапамагаў гаспадару нарыхтоўваць у лесе дровы.

Сьмерць сябра і перакладчыка ён называе вялікай стратай для Беларусі і Ўкраіны.

Язэп Янушкевіч

«Памятаю ягоную няўрымсьлівасьць, апантанасьць і ўменьне бачыць самае значнае ў жыцьці, у тым ліку і ў літаратуры. Тое, што ён узяўся і пераклаў «Новую зямлю» Коласа на ўкраінскую мову, сьведчыць і пра густ перакладчыка, і пра маштабнасьць ягонага мысьленьня. Валер Стралко праз усё жыцьцё будаваў і пашыраў мост паміж беларускай і ўкраінскай літаратурамі, каб па ім маглі добразычлівыя суседзі хадзіць адзін да аднаго. Мост гэтага вялікага будаўніка застанецца на доўгія часы — пакуль будуць існаваць чытачы «Новай зямлі» і «Тараса на Парнасе», — сказаў Свабодзе Язэп Янушкевіч.

Казько: «Шмат рабіў і для нашай, і для ўкраінскай літаратуры»

Празаік Віктар Казько пазнаёміўся з Валерам Стралко ў горадзе Таштагол на Алтаі. Сам ён тады працаваў у мясцовай газэце, а будучы перакладчык быў камандзіраваны з Новасыбірску, дапамагаў у выведцы геолягам.

Вітар Казько

«Мы зь ім упершыню перасекліся вельмі глыбока і далёка ад Беларусі — у Горнай Шорыі. Я там працаваў у гарадзкой газэце „Красная Шория“ загадчыкам аддзелу транспарту і прамысловасьці, а Валер займаўся навуковай працай, быў у геалягічнай выведцы. А ўжо калі апынуліся ў Беларусі, рэгулярна сустракаліся на радах саюзу, нешта нават прасіў у мяне для ўкраінскіх выдавецтваў, ды не заладзілася. Ён вельмі шмат рабіў і для нашай, і для ўкраінскай літаратуры. І гэта найлепш відаць па выніках яго працы, па сувязях, якія ён закладаў паміж нашымі творцамі і народамі», — падсумаваў Віктар Казько.

У 2003 годзе Валер Стралко быў узнагароджаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Івана Франко за пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Лесі Ўкраінкі, Івана Франко і сучасных украінскіх аўтараў, а таксама літаратурнай прэміяй імя Кандрата Крапівы за пераклад паэмы «Тарас на Парнасе» на ўкраінскую мову.

У 2006-м уганараваны Нацыянальным саюзам пісьменьнікаў Украіны мэдалём «Ганаровая адзнака» за істотны ўнёсак у адраджэньне духоўнасьці і асабістыя дасягненьні ў літаратурнай творчасьці. А ў 2013-м стаў ляўрэатам Міжнароднай літаратурна-мастацкай прэміі імя Рыгора Скаварады за вялікую падзьвіжніцкую працу з мэтай збліжэньня ўкраінскай і беларускай літаратураў.

Кім быў Валер Стралко

Валер Стралко нарадзіўся ў 1939 годзе ў мястэчку Любеч на Чарнігаўшчыне. Паступаў у Херсонскую мараходную вучэльню, але выявіўся, што ён дальтонік. Тады ўладкаваўся на працу вучнем зваршчыка на караблебудаўнічы завод імя «Камінтэрну» і напярэдадні 17-годзьдзя атрымаў 4 разрад. Праз два гады трапіў служыць у ваенна-марскі флёт. Аднойчы ў начную зьмену сарваўся ў трум, разьбіўся. Пасьля камісаваньня давялося асвоіць прафэсію кранаўшчыка.

У 1960 годзе, скончыўшы вячэрні караблемэханічны тэхнікум, вярнуўся да бацькоў. Ня мог уладкавацца на працу, пайшоў выкладаць чарчэньне, нямецкую мову і геаграфію ў глухой вёсцы на Херсоншчыне. Вёска мела назву Навасыбірск, а праз нейкі час падаўся ў сапраўдны Сыбір, дзе пражыў каля 10 гадоў.

Працаваў у Інстытуце ядзернай фізыкі Сыбірскага аддзяленьня Акадэміі навук СССР. Пасьля заканчэньня электратэхнічнага інстытуту перайшоў старшым інжынэрам у лябараторыю прыкладной кібэрнэтыкі інстытуту гідрадынамікі, адкуль быў запрошаны на працу ў Менск, дзе да пэнсіі адпрацаваў у навукова-дасьледчых і праектна-канструктарскіх інстытутах.

А потым прыйшло натхненьне заняцца перакладчыцкай справай. Як некалі казаў сам, найперш імкнуўся, каб аўтарская паэзія захавалася максымальна і ў перакладзе пазнаваўся аўтар, а не перакладчык.