Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў 25 сакавіка, што ў Беларусі варта стварыць сыстэму грамадзкага кантролю за інтэрнэт-мэдыя на расейскі ўзор і залучаць валянтэраў для выяўленьня сайтаў і публікацый з забароненай інфармацыяй.
«Можна зьвярнуцца да досьведу той жа Расеі. Там ёсьць добраахвотнае грамадзкае аб’яднаньне, — заявіў Зась у інтэрвію tut.by. — Так, яно патрануецца дзяржавай і ўзаемадзейнічае зь дзяржаўнымі органамі. Але тысячы людзей на валянтэрскіх пачатках у свой вольны час манітораць інтэрнэт, каб выявіць там забароненую інфармацыю. Напрыклад, прапаганду гвалту, парнаграфію, наркотыкі. Яны выяўляюць усё гэта і накіроўваюць у адпаведныя органы».
У Расеі ў апошнія гады быў прыняты шэраг законаў, якія ўводзяць крымінальнае пакараньне за разьмяшчэньне «экстрэмісцкага» кантэнту ў сеціве (артыкул за рэпост). Пры гэтым пад «экстрэмісцкім» кантэнтам у цяперашніх расейскіх умовах можа быць усё што заўгодна: ад гістарычнай фатаграфіі падчас Другой сусьветнай вайны да абмеркаваньня праблем фэмінізму.
Нядаўна артыкул «за рэпост» быў часткова дэкрыміналізаваны: за першае разьмяшчэньне ў сеціве «экстрэмісцкага» кантэнту пагражае толькі штраф, а не крымінальны перасьлед.
Адначасова з крыміналізацыяй рэпосту расейскія сілавыя структуры атрымалі больш шырокі доступ да дадзеных карыстальнікаў, якія захоўваюцца ў правайдэраў і адміністратараў рэсурсаў, таксама было спрошчанае блякаваньне сайтаў па запыце Раскамнагляду або ФСБ. Улады распрацоўваюць таксама закон «пра сувэрэнны рунэт» (ён ужо прыняты ў першым чытаньні), які дазваляе «адключыць» Расею ад сусьветнай сеткі ў надзвычайных сытуацыях.