У сталіцу Вэнэсуэлы Каракас напярэдадні прыбылі два самалёты Міністэрства абароны Расеі — Іл-62 і адзін з найбуйнейшых транспартных самалётаў у сьвеце Ан-124. У сеціве зьявіліся фатаграфіі і відэа зь лётнага поля. На кадрах — група мужчын.
Паводле дадзеных мясцовага выданьня NoticieraDigital, у Вэнэсуэлу прыбылі 99 расейскіх вайскоўцаў або байцоў прыватных вайсковых кампаніяў на чале з генэралам Васілём Танкашкуравым, начальнікам Галоўнага штабу сухапутных сіл расейскай арміі. Пра гэта таксама пішуць блогеры, якія асьвятляюць падзеі ў Вэнэсуэле. Нейкіх пацьверджаньняў гэтай інфармацыі зь іншых крыніц няма. Афіцыйна Міністэрства абароны Расеі паведамленьні аб прыбыцьці ў Вэнэсуэлу самалётаў не камэнтуе.
Паводле дадзеных авіятрэкераў, самалёты прыбылі ў Каракас з Сырыі праз Дакар.
Як Ан-124, так і Іл-62 у апошнія месяцы ўжо бывалі ў Вэнэсуэле. Пра тое, што і каго яны перавозілі, таксама не паведамлялася. Агенцтва Reuters неўзабаве пасьля таго, як апазыцыянэр Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, пісала пра прыбыцьцё ў краіну для абароны прэзыдэнта Нікаляса Мадура, якога падтрымлівае Расея, некалькіх соцень байцоў так званай «ЧВК Вагнера». Надзейнасьць крыніц агенцтва, аднак, была пастаўленая пад сумнеў, а прысутнасьць у краіне расейцаў пацьвердзіць не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадура заклікаў урад пайсьці ў адстаўку, каб «абараніць радзіму»У Вэнэсуэле ўжо трэці месяц працягваецца супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі Гуайдо, якога прызналі легітымным часовым прэзыдэнтам ЗША і большасьць краін Эўропы і Паўднёвай Амэрыкі, і Мадура, у руках якога застаецца рэальная ўлада. Гуайдо напярэдадні заявіў, што рэжым Мадура «перажывае апошнія дні», а Мадура абвінаваціў Гуайдо ў падрыхтоўцы замаху на яго. Вэнэсуэльскі міністар сувязі, турызму і культуры Хорхе Радрыгес, у сваю чаргу, заявіў, што за апошнія два месяцы з рахункаў Вэнэсуэлы ў міжнародных банках «было выкрадзена» каля 30 мільярдаў даляраў. Адказнасьць за гэта ён усклаў на адміністрацыю ЗША.