Дзень Волі ў Менску. ФОТА мітынгу-канцэрту ў Кіеўскім сквэры
Паводле арганізатараў, сабралася ня менш за 2000 чалавек (дакладныя лічбы пакуль не агучаныя). Праваахоўнікі патрабуюць даплаты — у заяўцы быў мітынг на 1000 чалавек
Нягледзячы на ранейшыя прагнозы, дажджу не было — надвор’е было сонечнае, але быў моцны вецер
Гралі гурты «Разьбітае сэрца пацана», «Дай дарогу» (яны сьпявалі і днём раней на #БНР101 у Горадні), N.R.M. і іншыя
Прамаўляе Алег Трусаў
Менскія ўлады адхілілі шмат заявак на мітынгі-канцэрты ў розных месцах — на стадыёне «Дынама», ля Палацу спорту, на плошчы Свабоды…
У выніку арганізатары леташняга «Сьвята незалежнасьці» адмовіліся ад прапанаваных уладамі пляцовак: казалі, не прапанавалі годных варыянтаў. Правацэнтрысцкая кааліцыя (АГП, БХД і рух «За свабоду») і БСДП(Г) пагадзіліся на прапанаваны ўладамі Кіеўскі сквэр
Мітынг-канцэрт быў арганізаваны літаральна за чатыры дні. Збор грошай працягваецца — на пачатку канцэрту арганізатары казалі, што маюць толькі траціну патрэбнай сумы (і гэта было да заявы праваахоўнікаў пра перавышэньне заяўленай колькасьці людзей)
На сьвяце дзейнічалі кірмаш, фуд-корт, дзіцячая пляцоўка, намёты палітычных партыяў
Выступ дэпутаткі Вольгі Кавальковай
Мітынг-канцэрт доўжыўся больш за пяць гадзінаў
У час мітынгу прамаўлялі дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім, выканаўца абавязкаў рэктара будучага ўнівэрсытэту Гілевіча Алег Трусаў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і іншыя
У ліку выступоўцаў быў і былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Пасьля прамовы яго схапілі «людзі ў цывільным», але міліцыя адмаўляла, што ён затрыманы. У прамове ён казаў сярод іншага: «Гэта сьвята і для „шунявак“, і для „іхтамнетаў“, і для прапагандыстаў, бо, каб не 25 сакавіка і незалежнасьць, дзе б яны зладзейнічалі?»
На пачатку мітынгу-канцэрту была затрыманая актывістка Натальля Басалыга, на кароткі час затрымалі таксама сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага (ён спрабаваў высьветліць у «людзей у цывільным» лёс Дашкевіча). На просьбу арганізатараў міліцыянты вывелі таксама мужчыну, які выглядаў п’яным і паводзіў сябе агрэсіўна. Аб іншых затрыманьнях не паведамлялася
Каля 18:00 на некалькі хвілінаў адключылася электрычнасьць — верагодна, проста заглохнуў генэратар. Пакуль не было сьвятла, N.R.M. са слухачамі хорам сьпелі «Тры чарапахі»
Арганізатары канцэрту: Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова (БХД), Юрась Губарэвіч («За свабоду»), Мікалай Казлоў (АГП), Ігар Барысаў (БСДП(Г)), а таксама вядоўца Іван Помаз
На выхадзе і на падыходах да пляцоўкі ў Кіеўскім сквэры міліцыянты патрабавалі ад наведнікаў, каб тыя хавалі бел-чырвона-белыя сьцягі.