Былога старшыню «Маладога фронту», актывіса Зьмітра Дашкевіча затрымалі 24 сакавіка пасьля выступу на менскім мітынгу-канцэрце на Дзень Волі.
Як расказала Свабодзе ягоная жонка Наста Дашкевіч, Зьмітра схапілі каля шасьцёх «людзей у цывільным» — у некаторых яна пазнала міліцыянтаў. Прычынаў затрыманьня яна ня ведае: «Нічога не казалі». Яна перакананая, што «выступ не спадабаўся».
Позна ўвечары Наста Дашкевіч паведаміла ў «Фэйсбуку», што яе муж знайшоўся ў Ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. Мяркуецца, што суд над ім адбудзецца заўтра раніцай у Цэнтральным судзе г. Менску (Кірава, 21).
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі расказаў: міліцыя сьцьвярджае, што Дашкевіча не затрымлівала. Чалавек, які паводзіць сябе, як начальнік «людзей у цывільным», адмовіўся казаць яму і арганізатарам, што з Дашкевічам, і абражаў арганізатараў.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што ня можа атрымаць дапамогу ў пошуках Дашкевіча ад праваахоўнікаў, зь якімі арганізатары падпісалі афіцыйную дамову на ахову і якім мусяць плаціць.
Пад канец канцэрту Губарэвіч расказаў Свабодзе: арганізатарам паабяцалі вызваліць Дашкевіча пасьля заканчэньня выступаў.
Інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН не адказалі пра лёс Дашкевіча пяцёра праваахоўнікаў, у тым ліку кіраўнік інфармацыйнай групы. Кіраўнік менскага АМАП Дзьмітры Балаба заяўляў лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову, што пра Дашкевіча «інфармацыяй не валодае і нічога ня ведае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі і адпусьцілі аднаго з арганізатараў Дня Волі. Рымашэўскага забралі, бо пытаў, за што забралі ДашкевічаНа мітынгу Зьміцер Дашкевіч заклікаў наведнікаў прыйсьці ў Курапаты, заклікаў павіншаваць з Днём Волі праваахоўнікаў і іншых, а таксама зачытаў імёны заснавальнікаў БНР, забітых бальшавікамі.
«Гэта сьвята нават для іх — непрыхільнікаў пераменаў, — казаў ён. — Гэта сьвята і для „шунявак“, і для „іхтамнетаў“, і для прапагандыстаў. Бо, каб не 25 Сакавіка і Незалежнасьць, дзе б яны зладзейнічалі? У „Трэцім Рыме“, у Маскве, у Мордары?»
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА