Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмяніў санкцыі супраць дзьвюх кітайскіх кампаній, уведзеныя днём раней падкантрольным яму ж Міністэрствам фінансаў ЗША.
«Міністэрствам фінансаў ЗША было абвешчана, што дадатковыя буйнамаштабныя санкцыі дададзеныя да ўжо існуючых санкцый супраць Паўночнай Карэі. Я распарадзіўся адмяніць гэтыя дадатковыя санкцыі!» — паведаміў Трамп у Твітэры.
Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло абмежаваньні ў дачыненьні да дзьвюх кітайскіх кампаній у чацьвер. Транспартныя кампаніі нібыта заключылі ўгоды з Паўночнай Карэяй, дзякуючы якім краіна змагла абысьці раней накладзеныя амэрыканскія санкцыі.
Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс заявіла, што Дональд Трамп прыняў такое рашэньне, паколькі хацеў зрабіць дружалюбны жэст да паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.
«Прэзыдэнту Трампу падабаецца старшыня Кім, і ён ня лічыць, што гэтыя санкцыі будуць неабходнымі», — заявіла Сандэрс.
У канцы лютага ў Ханоі прайшоў саміт лідэраў ЗША і Паўночнай Карэі. Дональд Трамп спрабаваў пераканаць Кім Чэн Ына цалкам спыніць ядзерную праграму КНДР у абмен на зьняцьце ўсіх амэрыканскіх санкцый супраць Пхэньяну. Сустрэча скончылася правалам — лідэры ЗША і КНДР не падпісалі сумеснай дэклярацыі пасьля яе завяршэньня.