Магчымасьць таго, што Ўладзімір Пуцін пасьля 2024 году ўзначаліць абʼяднаную дзяржаву Беларусі і Расеі, «між іншым закраналася» на двухбаковых сустрэчах працоўнай групы па дамове пра Саюзную дзяржаву, сказаў Tut.by міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.
«На двухбаковых сустрэчах гэтая тэма закраналася часам, між іншым і толькі ў кантэксьце тых інсынуацыяў, якія часам зьяўляюцца ў разнастайных СМІ. Вы чулі заяву кіраўніка беларускай дзяржавы аб тым, што мы сувэрэнітэтам не гандлюем, сувэрэнітэт для нас — сьвятое, і ў нашым разуменьні ня можа ісьці гаворкі ні пра якое абʼяднаньне, інкарпарацыю. І я думаю, у нашых расейскіх сяброў разуменьне такое ж», — сказаў Макей.
21 сакавіка Bloomberg паведаміла са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў Крамлі, што прадстаўнікі кіроўнай эліты ў Расеі аказваюць узьдзеяньне на Ўладзіміра Пуціна, каб ён заставаўся прэзыдэнтам як мага даўжэй. Адзін з варыянтаў — «прымус Беларусі да абʼяднаньня з Расеяй для стварэньня новай дзяржавы», каб Пуцін змог абысьці канстытуцыйныя абмежаваньні і стаць прэзыдэнтам ужо новага дзяржаўнага ўтварэньня.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што інфармацыя Bloomberg ня мае дачыненьня да таго, што абмяркоўваюць у Крамлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі грошай Беларусь пазычае ў Расеі. ІНФАГРАФІКА