Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпрам-цэнтру» будзе завершанае да канца 2020 году. Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны дырэктар ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» Уладзімер Маёраў.
У працэсе будаўніцтва выявіліся геалягічныя ўскладненьні, цытуе Маёрава Tut.by.
«Такія пытаньні былі і падчас узьвядзеньня Нацыянальнай бібліятэкі, — сказаў ён. — Таму мы працуем над узмацненьнем свайнай асновы, каб галоўны высотны будынак стаяў надзейна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна: «Газпром-цэнтар» у Менску закансэрваваныУ 2013 годзе на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» (скрыжаваньне вуліцы Філімонава і праспэкту Незалежнасьці) было вырашана пабудаваць шматфункцыянальны комплекс «Газпрам-цэнтар». Вакзал закрылі і зьнеслі.
«Газпрам-цэнтар» пачалі будаваць у 2015-м на плошчы звыш 8 га. Але праз год ўсе работы згарнулі, а неўзабаве будоўлю закансэрвавалі. Летась будаўніцтва аднавілі. Згодна з праектам, комплекс будзе складацца з шасьці асобных пабудоваў. Дамінантай мае стаць 185-мэтровы хмарачос, які можа быць самым высокім будынкам Менску.