Бацька зьняволенага ў Расеі ўкраінца Паўла Грыба расказаў, што ягоны сын у турме практычна асьлеп на адно вока, а другое бачыць у лепшым выпадку на траціну.
21 сакавіка на судзе ў расейскім Растове-на-Доне абвінавачваньне запатрабавала для Паўла Грыба 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
У жніўні 2017 году 19-гадовага Паўла Грыба выкралі ў Гомлі, куды ён прыехаў на сустрэчу зь дзяўчынай Тацянай Яршовай. Пазьней ён сам выказаў меркаваньне, што ад яе імя зь ім размаўлялі расейскія сілавікі.
У верасьні таго ж году стала вядома, што ўкраінец утрымліваецца ў сьледчым ізалятары Краснадару — яго абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэракту» на школьнай лінейцы ў Сочы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Грыба сымптомы хваробы Альцгеймэра, — бацькаЯк піша агенцтва УНІАН, летась Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд чарговым разам падоўжыў на 6 месяцаў тэрмін утрыманьня Грыба пад вартай.
Паводле бацькі Паўла, у сына прыроджанае захворваньне, пры якім неабходнае штодзённае спэцыфічнае лячэньне. Аднак улады Расеі адмаўляюць украінскім лекарам агледзець маладога чалавека ў СІЗА.
Абаронцы Грыба б’юць трывогу: у Паўла імкліва пагаршаецца стан здароўя, ён практычна асьлеп і стаў дрэнна арыентавацца, пагоршылася памяць.
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што Грыб знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці, яму патрабуецца неадкладная апэрацыя на сэрцы.