Апэляцыйны суд у Гаазе асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне першага прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай Радавана Караджыча, паведамляе агенцтва Reuters. Раней 73-гадовы палітык быў асуджаны на 40 гадоў зьняволеньня за генацыд у Срэбраніцы, дзе былі забітыя больш за 8 тысяч мужчын і хлопчыкаў-мусульман, і за іншыя цяжкія злачынствы падчас канфлікту ў Босьніі і Герцагавіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 161 абвінавачаны, хованкі, самагубства — трыбунал па былой Югаславіі завяршае працуНовы прысуд вынесьлі судзьдзі так званага Рэшткавага мэханізму, паколькі Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі, які разглядаў справы аб ваенных злачынствах падчас распаду краіны, спыніў сваю працу ў канцы 2017 года.
Першапачатковы прысуд абскардзіла як абарона Караджыча, якая патрабавала адмяніць абвінаваўчы вэрдыкт 2016 году, так і бок абвінавачваньня, які патрабаваў больш жорсткага пакараньня. Сам Караджыч вінаватым сябе не лічыць.
Сёньня перад будынкам суду ў Гаазе быў усталяваны транспарант з надпісам, які параўноўваў Караджыча з Гітлерам. Аднак яго прыбралі на патрабаваньне паліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе прыгадваюць ахвяраў масавых забойстваў у СрэбраніцыПершапачаткова Караджыча абвінавачвалі ў генацыдзе ня толькі ў Срэбраніцы, але і яшчэ ў сямі населеных пунктах. Аднак гэты пункт абвінавачваньня не ўдалося даказаць у судзе. У той жа час яго прызналі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасьці і парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны. А менавіта ў забойствах, дэпартацыях, негуманным стаўленьні і іншых злачынствах супраць басьнійскіх мусульман і харватаў, тэрарызаваньні цывільнага насельніцтва Сараева шляхам артылерыйскіх і снайпэрскіх абстрэлаў і ў захопе міратворчага пэрсаналу ААН у закладнікі.
Караджыча арыштавалі ў 2008 годзе ў Сэрбіі. Яму ўдавалася хавацца ад міжнароднага правасудзьдзя 13 гадоў. Падчас судовага разбору па ягонай справе было прадстаўлена больш за 11 тысяч рэчыўных доказаў, заслуханыя паказаньні амаль 600 сьведак.