Адвакатка, якую нанялі сваякі іранца Мэхрдада Джамшыдыяна, падала ў суд скаргу на рашэньне Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС дэпартаваць яго зь Беларусі ў Іран.
Пра гэта Свабодзе паведаміла дачка Мэхрдада Джамшыдыяна Дыяна.
«У нас было 5 дзён на абскарджаньне, і вось скарга пададзеная, у тэрмін уклаліся. Цяпер будзем чакаць прызначэньня суду і рашэньня. Спадзяемся, што яно будзе на нашу карысьць», — сказала Дыяна.
Мэхрдад Джамшыдыян паводле паходжаньня іранец, ён шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад перасьледу з палітычных прычын. Мае ў Менску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі.
У Іране Мэхрдаду пагражае сьмяротнае пакараньне. З 2009 году ўлады Ірану патрабуюць ягонай выдачы, бо падазраюць у датычнасьці да забойства, што іранец адмаўляе. Апрача таго, у Іране яго чакае абвінавачаньне ў вераадступніцве, бо ў Беларусі ён перайшоў з ісламу ў хрысьціянства, а гэта ў Іране лічыцца злачынствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная Амністыя заступілася за іранца, якога хочуць дэпартаваць зь БеларусіАпошнія 9 месяцаў Мэхрдада Джамшыдыяна трымаюць у менскім ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. У сярэдзіне сакавіка ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС ягоным сваякам паведамілі, што на яго атрымалі запыт з Ірану, пасьля чаго было прынятае рашэньне аб дэпартацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскі абласны суд скасаваў рашэньне аб высылцы грамадзяніна Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лоеве грамадзянін Расеі ўчыніў самагубства, бо яго высылалі зь Беларусі