Раніцай 20 сакавіка ў Менску ў сваёй кватэры міліцыяй быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка, былы палітвязень. Раней пачатая праверка датычнасьці яго да графіці, якое абражае міліцыянтаў.
Актывістка Наста Гусева, якая прысутнічала пры затрыманьні Зьмітра Паліенкі, кажа, што цяпер яму можа пагражаць крымінальная справа паводле артыкулу аб асабліва злосным хуліганстве. Пра затрыманьне свайго сябра Наста Гусева паведаміла праваабаронцам «Вясны».
«Каля 10-й ранку ў кватэру брутальна ўварваліся людзі з аўтаматамі, у бронекамізэльках і масках. Адразу павалілі Зьмітра на падлогу тварам уніз, надзелі кайданкі. Затым выбілі дзьверы ў суседні пакой, пачалі ператрус. Паведамілі, што супраць Зьмітра заведзена новая крымінальная справа за „асабліва злоснае хуліганства“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмісцкая» шапка: анархіста Паліенку аштрафавалі за фота ў «Фэйсбуку»Што вядома пра інцыдэнт?
Наста Гусева расказала пра выпадак, які стаў падставай новага абвінавачаньня на адрас Зьмітра Паліенкі.
«Прыкладна тыдзень таму Зьміцер чакаў свайго сябра на лесьвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Зьмітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зьміцер распыліў пярцовы газ», — сказала Наста Гусева.
Паводле актывісткі, пасьля ператрусу міліцыянты забралі з кватэры Паліенкі кампутар і мабільныя тэлефоны, а таксама літаратуру, улёткі і налепкі. «Адметна, што ўсе іхныя пытаньні былі пра ягоную дзейнасьць, а абставіны справы аб хуліганстве іх асабліва не цікавілі», — адзначыла Наста Гусева.
Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў мяркуе, што Зьміцер Паліенка мог стаць ахвяраю правакацыі.
«Маглі адмыслова падаслаць чалавека, які справакаваў бы нейкія дзеяньні з боку Зьмітра. Як гэта было летась са мной у Маладэчне, калі напалі хуліганы і чакалі бойкі ў адказ. Іх мэта відавочная — зачысьціць прастору ад актыўных анархістаў напярэдадні Эўрапейскіх гульняў, каб у Менску ўсё прайшло спакойна», — мяркуе Вячаслаў Касінераў.
Паводле зьвестак сяброў Зьмітра Паліенкі, яго пасьля ператрусу адвезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі № 2 Заводзкага раёну.
«Так, ён затрыманы, цяпер ён пад сьледзтвам», — сказаў Свабодзе пра Зьмітра Паліенку дзяжурны міліцыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіст Паліенка заклікаў да байкоту Эўрапейскіх гульняў: «Гэта будуць гульні пад нашы арышты» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уварваліся 9 чалавек з аўтаматамі» — анархіст і яго сяброўка расказалі пра затрыманьне «людзьмі ў масках» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт пацьвердзіў завядзеньне крымінальнай справы супраць анархістаў за графіці