Францыя выдала ордэр на арышт двух расейскіх экс-чыноўнікаў у справе аб допінгу

Былы прэзыдэнт Усерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Валянцін Балахнічаў, архіўнае фота 2016 году

Францыя выдала ордэры на арышт двух былых расейскіх лёгкаатлетычных чыноўнікаў у рамках расьсьледаваньня прымяненьня допінгу ў расейскім спорце.

Як паведамляюць заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы, гаворка ідзе пра былога прэзыдэнта Усерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Валянціна Балахнічава і былога трэнэра зборнай Расеі ў лёгкай атлетыцы Аляксея Мельнікава.

Абодва атрымалі пажыцьцёвую забарону ў спорце ў студзені 2016 году, прыкладна праз два месяцы пасьля таго, як Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) абнародавала справаздачу пра сыстэматычнае, падтрыманае дзяржавай прымяненьне допінгу ў расейскім спорце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея схавала 100 тысяч пратаколаў допінг-кантролю

У размове з расейскімі журналістамі Балахнічаў заявіў, што не атрымліваў ад францускага боку ніякіх паведамленьняў і ня ведае зьместу ордэра.

У іншым дакладзе незалежная камісія WADA паказвала, што больш як тысяча расейскіх спартоўцаў на працягу чатырох гадоў былі датычныя да маніпуляцый з тэстамі на допінг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня выканала дамову з Сусьветным антыдопінгавым агенцтвам. Што далей?

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі ўвяла абмежаваньні да Ўсерасейскай фэдэрацыі ў лістападзе 2015 году. З моманту ўвядзеньня гэтых абмежаваньняў і па гэты дзень расейскія атлеты ня могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад нацыянальным сьцягам.

Расьсьледаваньне ў Францыі пачалося ў 2015 годзе з арышту кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі (IAAF) Ламіна Дыяка праз абвінавачваньне ў атрыманьні мільёнаў даляраў у абмен на ўтойваньне фактаў прымяненьня допінгу расейскімі атлетамі.