Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў склаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Пра гэта ён абвясьціў у жывым эфіры 19 сакавіка ў спецыяльным звароце да нацыі.
«Я прыняў рашэньне спыніць свае паўнамоцтвы ў якасьці прэзыдэнта», — сказаў Назарбаеў, выступаючы са зваротам да народу. — Сёлета споўніцца 30 гадоў, як я займаю самую высокую пасаду. Народ даў мне магчымасьць быць першым прэзыдэнтам незалежнага Казахстану», — сказаў ён.
Сваёй асноўнай задачай, паводле Назарбаева, ён цяпер бачыць «забесьпячэньне прыходу да ўлады новага пакаленьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане пасьля пратэстаў шматдзетных маці ўрад адпраўлены ў адстаўкуПасьля адстаўкі Назарбаеў будзе ўзначальваць Раду бясьпекі краіны, а таксама застанецца на чале партыі «Нур Атан». У траўні 2018 году сэнат (верхняя палата парлямэнту) Казахстану ўхваліў законапраект, які замацоўвае права за Назарбаевым права пажыцьцёва ўзначальваць Раду бясьпекі. Паўнамоцтвы прэзыдэнта цяпер часова пераходзяць да сьпікера сэнату Касым-Жамарту Такаева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, які сышоў у адстаўкуСкончыўшы асноўную прамову, Назарбаеў падпісаў указ, які назваў для сябе «апошнім», а потым зачытаў яго тэкст. Згодна з дакумэнтам, Назарбаеў з 20 сакавіка 2019 году складае зь сябе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, якія «на астатні тэрмін» пераходзяць да Такаева. Таксама ўказам парлямэнту даручаецца правесьці цырымонію прынясеньня прысягі Такаевым на сумесным пасяджэньні палат 20 сакавіка а 12-й гадзіне паводле часу Астаны. Указ уступае ў сілу з моманту падпісаньня.
Нурсултану Назарбаеву 78 гадоў. Ён кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў.
Прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў знаходзіўся ва ўладзе на постсавецкай прасторы даўжэй за ўсіх — 29 гадоў. У 1989 годзе ён стаў першым сакратаром Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Казахскай ССР. З 1990 па канец 1991 Назарбаеў быў прэзыдэнтам Казахскай ССР, пазьней — прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Елбасы — «Бацька» па-казахскуТагачасныя пяцігадовыя паўнамоцтвы прэзыдэнта Назарбаева павінны былі скончыцца ў сьнежні 1996 году. У красавіку 1995 году на рэфэрэндуме замест выбараў яго знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта падаўжаецца яшчэ на пяць гадоў — да сьнежня 2000 году. Пасьля гэтага Назарбаеў пераабіраўся на пасаду прэзыдэнта зноў і зноў. У 2010 годзе ў Канстытуцыі краіны за ім замацавалі статус «Першага Прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан — Лідэра Нацыі».