За гэта трэба дзякаваць ня толькі дактарам, але і Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і арганізацыі «Лекары бязь межаў».
За апошняе дзесяцігодзьдзе сьмяротнасьць ад сухотаў у Беларусі зьнізілася ў 6 разоў. Цяпер яна складае 2% супраць 12% у 2009 годзе. Такія лічбы назваў галоўны пазаштатны фтызіятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Генадзь Гурэвіч.
Ён патлумачыў прагрэс вялікай працай, праведзенай беларускімі мэдыкамі, і дапамогай беларусам Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і міжнароднай арганізацыі «Лекары бязь межаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ставіць задачу ліквідаваць сухоты да 2035 годуМенавіта дзякуючы фінансавай ды іншай дапамозе гэтых арганізацый у Беларусі ўкаранілася высокая эфэктыўнасьць дыягностыкі, сказаў Гурэвіч. Цяпер цягам усяго дзьвюх гадзін можна вызначыць, хворы чалавек на сухоты ці не.
Паводле Генадзя Гурэвіча, у 2018 годзе па Беларусі выяўленыя 23 выпадкі захворваньня дзяцей на сухоты — такі паказьнік (10 гадоў таму было 150) адзін з найлепшых на тэрыторыі ўсёй Эўропы.
Дапамога Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя
Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграм у інфэкцыйных захворваньнях Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі, паведаміў, што ягоная арганізацыя прыняла рашэньне, акрамя асноўнага гранту, дадаткова даць беларускім мэдыкам сёлета 1 мільён 200 тысяч даляраў на новыя формы барацьбы з сухотамі. Што тычыцца асноўнага гранту, то ён будзе значна большы, празь некалькі тыдняў стане вядомай канкрэтная сума.
Берасьцейскі экспэрымэнт
Генадзь Гурэвіч расказаў, што ў 2018 годзе ў Берасьцейскай вобласьці быў праведзены экспэрымэнт: там хворых на сухоты перавялі на амбуляторнае лячэньне і вызвалілася палова ложкаў, якія яны займалі ў лякарнях. А фінансаваньне, якое ішло, захавалася ў тых жа памерах. Такім чынам грошы пайшлі ўжо не на ўтрыманьне хворых, а на закупку новых лекаў, заробак мэдыцынскім работнікам.
Гэты досьвед даў свой станоўчы вынік: цяпер берасьцейская мадэль уводзіцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз 8 дзён галадаваньня хворы на сухоты дамогся, каб яго не трымалі ў «фактычным зьняволеньні»