Польшча не запрасіла Пуціна на 80-ю гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

На ўрачыстасьці ў Польшчу запрошаныя чальцы Эўразьвязу, NATO і прадстаўнікі краінаў «Усходняга партнэрства», пры гэтым Расея не запрошаная, паведамляе польскае выданьне RMF FM.

Прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна не запрасілі на ўрачыстасьці з нагоды 80-й гадавіны пачатку Другой сусьветнай вайны.

«Сярод запрошаных краін няма Расеі», — сказаў RMF FM прэс-сакратар прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды Блажэй Спыхальскі.

Паводле Спыхальскага, на ўрачыстасьці ў Польшчу запрошаныя чальцы Эўразьвязу, NATO і прадстаўнікі краінаў «Усходняга партнэрства», у якія ўваходзіць і Беларусь.

«Альгарытм запрашэньня на гістарычную гадавіну ня быў гістарычным, — патлумачыў Блажэй Спыхальскі. — Запрашэньні маюць сучасны, а не гістарычны характар».

Крыху больш за месяц таму намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі падкрэсьліў, што польскі МЗС будзе рэкамэндаваць запрасіць Уладзіміра Пуціна на ўрачыстасьць. Аднак канцылярыя прэзыдэнта, якая зьяўляецца арганізатарам цырымоніі, па такія рэкамэндацыі не зьвярталася, а прэзыдэнт Польшчы вызначыўся з канчатковым складам гасьцей.

У Маскве сытуацыю пакуль не камэнтуюць.

Беларусь атрымала запрашэньне як краіна «Ўсходняга партнэрства», але хто паедзе ў Польшчу, пакуль невядома.