У Гомлі затрымалі школьніцу за рэкляму крамы наркотыкаў

Фота з сайту УУС Гомельскага аблвыканкаму

15-гадовую вучаніцу гомелькай сярэдняй школы затрымалі падчас нанясеньня трафарэтных надпісаў, якія рэклямуюць працу ў інтэрнэт-краме наркотыкаў і псыхатропных рэчываў на тэрыторыі Гомля, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Як высьветлілася, куратар інтэрнэт-крамы прапанаваў дзяўчыне грошы, па 3 рублі за нанясеньне аднаго рэклямнага надпісу. Яна пагадзілася. Працавала па вечарах і ўначы. Малявала графіці на фасадах будынкаў Гомля, выкарыстоўваючы трафарэты і аэразольныя балёны з фарбай.

Супрацоўнікі абласнога наркакантролю высьветлілі, што дзяўчына зьбіралася ўладкавацца ў інтэрнэт-краму кур’ерам для распаўсюду «закладак» з наркотыкамі і псыхатропнымі рэчывамі.

Пасьля вобшуку ў яе дома канфіскавалі трафарэты, мабільны тэлефон зь перапіскай у мэсэнджары з куратарам інтэрнэт-крамы і фатаздымкамі месцаў, дзе яна малявала графіці з рэклямным тэкстам.

Матэрыялы праверкі перадалі ў інспэкцыю ў справах непаўналетніх, на дзяўчыну завялі адміністрацыйную справу за наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебск «расьпісалі» кантактамі наркадылераў?

Раней падобную рэкляму крамы наркотыкаў заўважылі жыхары Віцебску. У канцы студзеня двух віцебскіх падлеткаў затрымалі за «наркарэкляму» — роспісы гарадзкіх будынкаў кантактамі наркадылераў. Яшчэ двух хлопцаў і непаўналетнюю дзяўчыну затрымалі падчас закладкі наркатычных рэчываў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску затрымалі распаўсюднікаў наркотыкаў і аўтараў «наркаграфіці»