Улады Мазамбіку заявілі аб 62 ахвярах, а ўлады Зімбабвэ — аб 65 ахвярах цыклёну «Ідай», які абрынуўся на краіны 15–16 сакавіка, перадае AFP. Да таго цыклён забіў у суседняй краіне Малаві ня менш за 56 чалавек.
Лік зьніклых бязь зьвестак ідзе на сотні. Прадстаўніцтва ААН у Зімбабвэ ацэньвае колькасьць пацярпелых ад цыклёну ў 10 тысячаў, прэзыдэнт краіны абвясьціў надзвычайнае становішча ў штатах, якія закранула здарэньне. Да таго ў пачатку году краіна перажыла моцную засуху.
Паводле ацэнак Сусьветнай харчовай праграмы, у Малаві цыклён так ці іначай закрануў 920 тысячаў чалавек. Міністар навакольнага асяродзьдзя Мазамбіку не сумняецца, што колькасьць загінулых будзе расьці: кажа, гэта «найгоршая прыродная катастрофа, зь якой сутыкалася краіна». Найбольш пацярпелыя раёны не даступныя ратавальнікам — моцныя вятры і густыя аблокі перашкаджаюць палётам ратавальных верталётаў. З прыбярэжных раёнаў эвакуююць людзей.
Праз моцныя дажджы і вятры ў рэгіёне руйнуюцца масты і дарогі, праз паводкі разбураюцца дамы і адбываюцца перабоі з электрычнасьцю. Затопленыя дзясяткі тысячаў гектараў сельскагаспадарчых угодзьдзяў.