Кадры анэксіі. Што адбывалася ў Крыме пяць гадоў таму
На мэдалі «За вяртаньне Крыму», які заснавала Міністэрства абароны Расеі, стаіць дата 20 лютага. Менавіта гэты дзень як у Расеі, так і ва Ўкраіне лічыцца датай прыняцьця рашэньня аб анэксіі Крыму. Першым этапам гэтай апэрацыі стаў мітынг у Севастопалі 23 лютага, на якім нібыта мітынгоўцамі было прынятае рашэньне не выконваць распараджэньні Вярхоўнай рады Ўкраіны пасьля ўцёкаў з краіны прэзыдэнта Віктара Януковіча і стварыць атрады самаабароны. Тут жа быў зачытаны зварот з заклікамі да прэзыдэнта Расеі ўвесьці міратворчы кантынгент у Крым.
Мітынг 26 лютага 2014 году ў Сімфэропалі, дзе адбыліся сутыкненьні з ініцыятывы людзей, якія звалі сябе прадстаўнікамі «самаабароны Крыму» і казакаў што прыбылі з Расеі. Гэтыя падзеі пасьля леглі ў аснову шэрагу судовых справаў супраць тых крымчан, хто падтрымаў Украіну. Ім выстаўлялі абвінавачваньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
1 сакавіка 2014 году над Вярхоўным саветам Аўтаномнай Рэспублікі Крым лунае расейскі сьцяг. Ён зьявіўся тут некалькімі днямі раней, калі ўзброены спэцназ у ноч на 27 лютага захапіў будынак Вярхоўнага савету. Расейскія вайскоўцы не пускалі ў будынак некаторых дэпутатаў, да галасаваньня была дапушчаная толькі частка зь іх. Яны прынялі рашэньне адправіць у адстаўку ўрад Анатоля Магілёва і прызначыць новага прэм'ер-міністра Крыму – Сяргея Аксёнава, лідэра партыі «Рускае адзінства» (на той момант у парлямэнце Крыму было ўсяго тры дэпутата ад гэтай партыі са 100). Таксама было прынятае рашэньне аб правядзеньні «агульнакрымскага апытаньня» аб статусе паўвострава. У галасаваньні, паводле непацьверджаных незалежнымі крыніцамі дадзеных, прымалі ўдзел 64 дэпутата.
3 сакавіка 2014 году. Амбасадар Расеі ў ААН Віталь Чуркін на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН дэманструе ліст экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча да Ўладзіміра Пуціна з просьбай выкарыстаць войскі для аднаўленьня «законнасьці і правапарадку ва Ўкраіне». Да таго моманту рашэньне ўвесьці войскі ўжо было прынятае: прэзыдэнт Расеі атрымаў у Савета Фэдэрацыі дазвол на выкарыстаньне войскаў двума днямі раней.
Няўзброеныя ўкраінскія вайскоўцы пакідаюць аэрапорт Бэльбэк пасьля няўдалых перамоваў з расейскімі вайскоўцамі, якія занялі яго ў ноч на 4 сакавіка. Афіцэры ўкраінскай вайсковай часткі 4515 спрабавалі дамагчыся, каб іх прапусьцілі на месца нясеньня службы.
5 сакавіка 2014 году. Расейскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў (так званыя «зялёныя чалавечкі») у сяле Перавальнае.
5 сакавіка. Танк узброеных сіл Расеі на блёкпосьце, які расейскія вайскоўцы выставілі ў Армянску, побач з адміністрацыйнай мяжой Крыму.
6 сакавіка. Сьпісаны вялікі супрацьлодачны карабель «Ачакаў» затоплены расейскімі вайскоўцамі ля ўваходу ў бухту возера Донузлаў у пасёлку Мірны, каб не дапусьціць выхаду з затокі караблёў украінскіх ваенна-марскіх сіл.
Акцыя «Фэмэн» у Сімфэропалі. На целе ў актывістак – надпісы на ангельскай мове «Спыніце вайну Пуціна!».
8 сакавіка. Акцыя крымчанак супраць вайны, за мір і адзінства з Украінай у Сімфэропалі.
Білборды на вуліцах Крыму перад «рэфэрэндумам», прызначаным на 16 сакавіка, яго дата была перанесеная з больш позьняга тэрміну на ранейшы. Яшчэ да таго, як галасаваньне адбылося, 11 сакавіка ў Дзярждуму Расеі былі ўнесеныя законапраекты, якія прадугледжвалі паскораную працэдуру анэксіі тэрыторыі іншай дзяржавы. Калі раней, згодна з расейскімі законамі, гэта было магчымым толькі пры заключэньні двухбаковай міжнароднай дамовы з Украінай, то прынятыя пасьля заканадаўчыя нормы дазвалялі рабіць гэта ў аднабаковым парадку.
Падрыхтоўка да прызначанага на 16 сакавіка «рэфэрэндуму» у Алупцы: член выбарчай камісіі нясе крымскі сьцяг. 12 сакавіка 2014 году.
Адзіночны пікет супраць анэксіі Крыму ў Маскве. 15 сакавіка 2014 году.
Украінскі марак пакідае квартал ваенна-марскіх сіл у Севастопалі. 19 сакавіка 2014 году.
Партрэт кінарэжысэра Алега Сянцова непадалёк ад пасольства Расеі ў Парыжы. Гэтае фота зроблена 17 верасьня 2018 году, калі Алег Сянцоў абвясьціў пратэстную галадоўку ў турме, дзе ён адбывае пакараньне паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. Сянцова арыштавалі ў Крыме вясной 2014 году, ягоны перасьлед зьвязваюць зь яго стаўленьнем да дзеяньняў Расеі на паўвостраве. Шэраг праваабарончых арганізацыяў лічаць яго вязьнем сумленьня.