У Менску затрымалі расейскіх журналістаў

Ілюстрацыя: жанчына з альманахам "Малако плюс"

У суботу ў Прэс-клюб Беларусь​ павінна была адбыцца адкрытая лекцыя стваральнікаў праекту Мoloko plus з Расеі. Тэма анансаванай лекцыі — прынцыпы працы малых мэдыя. Арганізатары плянавалі распавесьці, як сабраць грошы на ўласны праект small media, а таксама як вырашыць юрыдычныя і эканамічныя праблемы пры іх стварэньні.

Абвестка пра «вялікі дэсант» расейскіх журналістаў-анархістаў у складзе Паўла Нікуліна, Яна Патарскага, Сафіко Арыфджанавай і Андрея Каганскіх — была зьмешчаная загадзя ў сацыяльных сетках. За 40 хвілінаў да пачатку імпрэзы ў менскі прэс-клюб прыйшлі міліцыянты і затрымалі арганізатараў, распавялі відавочцы. Паўла Нікуліна і Яна Патарскага адвезьлі ў савецкі райаддзел міліцыі.

Праз тры гадзіны Паўла Нікуліна і Яна Патарскага вызвалілі без складаньня пратаколаў. Аднак міліцыя забрала іх прэзэнтацыйныя матэрыялы, каб праверыць на наяўнасьць экстрэмісцкага зьместу.

Часопіс Мoloko plus пазыцыянуе сябе як контаркультурны альманах, у якім дасьледуюцца тэмы тэрыразму, наркотыкаў і рэвалюцыі. У Расеі наклад альманаху рэгулярна канфіскуюць, актывістаў пад рознымі прычынамі затрымліваюць, не дазваляючы правесьці прэзэнтацыі.

Таксама ў суботу ў менскім бары Karma была заплянаваная выстава маладых мастакоў-анархістаў «Лібэртарныя ідэі ў мастацтве ХІХ-ХХ ст.», аднак напярэдадні ўладальнікі бару адмовіліся праводзіць мерапрыемства, як лічаць арганізатары выставы, пад ціскам міліцыі.