Былы «кніжны жук» пра кніжны бізнэс у СССР і лёс хатняй бібліятэкі ў 20 тысяч кніг

Рабочы кабінэт Ігара Дружыніна ў кнігах

Цягам 40 гадоў кнігі для магілёўца Ігара Дружыніна — захапленьне, бізнэс і «хвароба». Ён марыць пра новае пакаленьне чытачоў, якія не дадуць «кнізе памерці».

У савецкія часы такіх, як Дружынін, называлі «кніжнымі жукамі». Яны знаходзілі дэфіцытныя выданьні і перапрадавалі іх. Пра тагачасную сваю дзейнасьць ён кажа, што «ішоў уразрэз зь дзяржаўнай ідэалёгіяй кніжнага гандлю», таму быў спэкулянтам.

Цяпер пэнсіянэр Дружынін вышуквае букіністычныя выданьні, на якія ёсьць попыт, рэстаўруе іх і частку прадае.

У гутарцы са Свабодай ён тлумачыць

  • Навошта яму тое, чым займаецца.
  • Якія букіністычныя кнігі найбольш запатрабаваныя чытачом.
  • Чаму прадае кнігі з выяваю Сталіна.
  • Што трэба зрабіць, каб кнігі ня сталі музэйным экспанатам.

Хто такі Ігар Дружынін

  • 67 гадоў. Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут і мае дыплём інжынэра-зварніка.
  • Рабіў галоўным энэргетыкам у калгасе. Пракладаў мэтро ў Маскве. Будаваў лазьні ў Магілёве.
  • З пачаткам 1990-х — займаўся рознымі відамі гандлю і транспартнымі перавозкамі.
  • На пэнсіі займаецца творчым пошукам і дае кансультацыі, як ажыцьцяўляць розныя праекты.

«Кніжны гандаль зьменшыўся ў дзясяткі разоў»

Кнігі ў кватэры Ігара Дружыніна паўсюль: на паліцах, стосамі на падлозе і ў скрынках, на кухні з посудам. Мужчына лічыць сябе «хворым на кнігі».

Ігар Дружынін

Гісторыя ягонай «кнігаманіі» сягае 1980-х. Зьбіраць кнігі Дружынін пачаў, калі вакол іх быў «павальны ажыятаж», а цяпер ён сьведка «поўнага адмаўленьня ад кнігі». Паводле яго, колішні кніжны гандаль зьменшыўся ў дзясяткі разоў, цяпер пра яго як бізнэс гаварыць не выпадае.

Суразмоўца лічыць, што кнігі ў Беларусі задарагія. Сабекошт кніжнай прадукцыі на выхадзе з выдавецтва ў тры-чатыры разы меншы, чым цана ў краме. Кнігар настойвае, што завышаюць цану рознага кшталту «накруткі». Паводле яго, ва ўмовах цяперашняга безграшоўя для многіх набыць кнігу — марнатраўства.

У макулятуру людзі здаюць кнігі бібліятэкамі

Ігар Дружынін адзначае, што цяпер людзі нясуць кнігі на пункты прыёму макулятуры цэлымі бібліятэкамі. Паводле яго назіраньняў, да 10 працэнтаў здадзеных кніг можа мець пакупніцкі інтарэс.

«Людзям не заўсёды цікава, пра што кніга. Яны апантана хочуць ёю завалодаць празь яе рарытэтнасьць, выгляд, наяўнасьць даравальнага надпісу», — тлумачыць ён, паказваючы свой кнігазбор.

Кнігі ў кватэры Ігара Дружыніна паўсюль. Нават на кухні з посудам

Ігару Дружыніну нясуць кнігі розныя людзі. Колькасьць прынесеных асобнікаў значна перавышае тыя, якія яму ўдаецца прадаць. Таму ягоная калекцыя ня меншае.

Ён прызнаецца, што з сваёй бібліятэкі хацеў бы прадаць 15 тысяч кніг, але пакупнікоў на іх наўрад ці знойдзе. Яшчэ пяць тысяч збываць не зьбіраецца, але адзначае: «калі чалавек скажа, што доўга шукаў нейкую кнігу з гэтых 5 тысяч, то аддам яе не вагаючыся».

Пайсьці ўразрэз з ідэяй дзяржаўнага гандлю і стаць «кніжным жуком»

Ігар Дружынін захапіўся кнігамі сорак гадоў таму, «калі ў самай чытацкай краіне, якою называў сябе Савецкі Саюз, не маглі задаволіць попыт на „добрыя кнігі“». Тады ён разам зь сябрамі наважыўся прафэсійна заняцца кніжным гандлем. Так і стаў «кніжным жуком».

«У той час усё было цэнтралізавана. Дзяржаўныя кнігарні праз аблкнігагандлі атрымлівалі кнігі ды іх прадавалі. Калі нехта быў збоку, то ён ішоў уразрэз з агульнадзяржаўнай ідэалёгіяй кніжнага гандлю», — згадвае савецкія рэаліі Ігар Дружынін.

Дзіцячая літаратура

Продаж кніг прыносіў неблагі прыбытак. Месячны даход «кніжнага жука» быў удвая большы за заробак на прадпрыемстве.

«Калі я працаваў на дзяржаву, то меў 150-170 рублёў. Калі ж заняўся продажам кніг, то выходзіла 300-400. Хоць, прызнаюся, было ніякавата, што мяне лічылі спэкулянтам, але я быў шчасьлівым чалавекам, бо гэты занятак прыносіў максымум задавальненьня і грошы», — адзначае кнігар.

Ён кажа, у Савецкім Саюзе быў попыт на зборы літаратурнай клясыкі, фантастыкі, а таксама рэдкія кнігі, у тым ліку тыя, якія лічыліся напаўзабароненымі.

Творы Булгакава ў савецкай валютнай краме «Бярозка»

Паводле Ігара Дружыніна, схемы набыцьця дэфіцытных і асабліва запатрабаваных кніг для перапродажу былі розныя. Выкарыстоўваліся і валютныя крамы «Бярозка». У іх можна было набыць творы, напрыклад, Міхаіла Булгакава ды Восіпа Мандэльштама.

«Перад тымі, хто займаўся продажам кніг, стаяла пытаньне, дзе здабыць валюту і як яе даць наведніку „Бярозкі“, каб той купіў патрэбную кнігу. Вядома ж, у такім разе абыходзілася яна даражэй і пакупніку», — тлумачыць суразмоўца.

Ігар Дружынін з кнігай, якую варта рэстаўраваць, каб вярнуць ёй жыцьцё

Ён нагадвае, што ў Савецкім Саюзе існавала паняцьце «забароненая літаратура», і тыя, хто неафіцыйна прадаваў кнігі, асьцерагаліся «кампэтэнтных органаў».

Забароненая літаратура існуе і ў незалежнай Беларусі, кажа суразмоўца. Яму даводзілася «чуць пра непрыемнасьці ў гандляроў, якія наважыліся прадаваць творы пэўных аўтараў». Сярод апошніх кнігар называе Паўла Шарамета, Сьвятлану Калінкіну ды Васіля Лявонава.

Календары сталінскай эпохі...

У бібліятэцы суразмоўца мае і кніжкі, выдадзеныя прапагандыстамі сталінскай эпохі. Сярод іх шмат савецкіх календароў. Амаль кожная іхная ілюстрацыя — з выяваю Сталіна. Паводле Ігара Дружыніна, большасьць такіх календароў зьнішчылі. Ацалелыя ж захоўваюцца ў хатніх бібліятэках ці архівах.

«На такія выданьні таксама ёсьць попыт, — адзначае ён. — Ёсьць людзі, якія па такіх выданьнях хочуць зразумець, што адбывалася ў тыя часы».

Кніга выдадзеная ў сталінскія часы

Крамы з «куточкам любові — кнігамі»

Ад 1986 да 1992 году Ігар Дружынін скупіў блізу 50 бібліятэк у знаёмых, якія зьяжджалі з СССР і Беларусі. Тыя прадавалі свае кнігазборы за бесцань, бо ім трэба было вызваляць ужо прададзеную кватэру. Паводле суразмоўцы, у набытых бібліятэках былі «выдатныя кнігі, зь якімі гаспадары расставаліся са шкадаваньнем».

У 1990 годзе Ігар Дружынін адкрыў першы каапэратыўны кніжны кіёск у абласным галоўпаштамце. Улады не чынілі перашкодаў былому «кніжнаму жуку»: «Тады было ўсё проста: плаці грошы і гандлюй», — кажа ён.

«З развалам дзяржаўнага кантролю пачаўся ўздым дзелавой актыўнасьці людзей, але ажывіўся крымінал. Шмат людзей зарабілі адносна вялікія грошы і пры гэтым няшмат законаў парушылі», — з усьмешкай згадвае тагачасную сытуацыю кнігар.

Пазьней ён адкрыў невялікія крамы тавараў шырокага спажываньня. У іх знаходзіў месца для кніг.

«Я ня мог не паставіць кнігу ў продаж, — кажа ён. — Ува ўсіх маіх крамах быў маленькі куток любові — кнігі».

У 1996 годзе зьмянілася стаўленьне ўлады да камэрсантаў-гандляроў. Запанаваў падыход: калі дзяржаўная крама здае ў арэнду колькі мэтраў плошчы, то гэтыя мэтры ёй не патрэбныя.

«Так паўсталі перашкоды для энэргічных людзей, якія жылі думкай, што могуць зьмяніць сьвет», — характарызуе тэндэнцыі другой паловы 1990-х Ігар Дружынін.

Спакусіць дзіця кнігай...

Пэнсія ня вылечыла суразмоўцу ад «застарэлай хваробы на кнігі». Не даюць яму забыцца на даўні занятак і людзі, якія заходзяць, каб узяць тое, чаго няма ў кнігарнях. Сам кнігар выкарыстоўвае сытуацыю для выхаваньня «новага пакаленьня чытачоў», якія «не дадуць памерці папяровай кнізе».

На ягоную думку, прывучаць да кнігі чалавека варта з маленства. Трэба спакушаць дзіця кнігаю, знаходзячы ў ёй цікавыя месцы для яго, лічыць ён.

«Іншым разам я настойліва прапаную кнігі свайму госьцю, — дзеліцца адным з уласных мэтадаў зацікаўленьня кнігай Ігар Дружынін. — Ён забірае яе з сабою... Большую частку кніг мне не вяртаюць. Я ж спадзяюся, што кніга госьцю спадабалася і з часам чытаньне для яго стане захапленьнем...».

Пераклады на беларускую мову не залежваюцца

Ігар Дружынін кажа, што ўстойлівы попыт маюць старыя кнігі для дзяцей. У яго вялікая калекцыя народных казак. Як узор запатрабаванага пакупніком выданьня суразмоўца паказвае выдадзеную ў 1958 годзе кнігу «Белорусские народные сказки». Іх пераклалі зь беларускай мовы на расейскую.

Беларускія казкі як узор запатрабаванай літаратуры

Папулярнасьць казак тлумачыць тым, што ў іх выкладзены спадзеў людзей на лепшае жыцьцё.

Паводле суразмоўцы, папулярнасьцю ў чытача карыстаюцца кнігі, перакладзеныя з мовы арыгіналу на беларускую. Шмат ахвотнікаў было купіць у яго твор Віктора Гюго «Казэта». Па-беларуску кнігу выдалі ў 1957 годзе.

Многія хацелі набыць выдадзены на беларускай мове раман Коба Абэ «Жанчына ў пясках».

Магілёвец кажа, што без праблемаў прадаюцца кнігі з дарчымі надпісамі пісьменьнікаў Віталя Вольскага, Пімена Панчанкі, Васіля Віткі, Івана Шамякіна. Разьбіраюць і зборнікі беларускай паэзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чарга па новы IPhone?» Чаму па аўтограф Віктара Марціновіча менчукі стаялі 1,5 гадзіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніца-фантастка стала «дармаедкай». «Усё, што я хачу, — пісаць. Пакіньце мяне ў спакоі!»