У Беларусі ня ўсе зьняволеныя зь ВІЧ-інфэкцыяй атрымліваюць адпаведнае лячэньне, заявіў галоўны пазаштатны спэцыяліст па аказаньні мэдыцынскай дапамогі пацыентам зь ВІЧ-інфэкцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко 15 сакавіка на рэспубліканскім сэмінары на тэму лячэньня ВІЧ на форуме «Ахова здароўя Беларусі», перадае БелаПАН.
Скрыпко паведаміў, што лячэньне ВІЧ у сыстэме выкананьня пакараньняў МУС атрымліваюць 1167 чалавек з 1760 ВІЧ-інфікаваных. Гэта 66,3% ад колькасьці хворых. У цэлым па краіне каля 74% ВІЧ-інфікаваных атрымліваюць лячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З ВІЧ можна жыць». У менскім парку Горкага адкрылася асаблівая фотавыстава. ВІДЭАРазам з тым, доля асобаў, якія атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію ў турмах, павялічылася за апошнія 12 гадоў у некалькі разоў. Для параўнаньня: у Беларусі ў 2006 годзе ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіліся 1098 хворых на ВІЧ, зь якіх лячэньне атрымлівалі толькі 60 чалавек.
Скрыпко адзначыў, што прэпараты для правядзеньня антырэтравіруснай тэрапіі ў месцах пазбаўленьня волі ёсьць. Аднак зьняволеныя адмаўляюцца лячыцца. Сярод іх ёсьць перакананьне, што, не праходзячы лячэньне, яны атрымаюць прэфэрэнцыі. Напрыклад, сказаў доктар, такія зьняволеныя разьлічваюць, што іх пакладуць у шпіталь, дзе яны атрымаюць лепшае харчаваньне. Нехта ў сувязі з дыягназам ВІЧ спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.