20 гадоў пэдафільскага паляваньня. За што хваліць міліцыю?

У апошнія гады пачынаюць усё больш крымінальных справаў супраць людзей, якія парушалі сэксуальную недатыкальнасьць непаўнагадовых. Гэтай статыстыкі можна баяцца (а што, калі яна сьведчыць пра павелічэньне колькасьці злачынстваў?), яе можна хваліць (а што, калі яна сьведчыць пра паляпшэньне якасьці працы праваахоўнікаў?), але адно відавочна: калі мужчына на працягу дваццаці гадоў беспакарана гвалціў дзяцей і здымаў дзіцячае порна, сыстэма ўвесь гэты час працавала кепска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя распавяла пра пэдафіла, які 20 гадоў здымаў дзіцячае порна і гандляваў ім

Яшчэ ў 1998 годзе ён зьняў першыя порнавідэа з удзелам непаўналетніх, а затрымалі яго разам з саўдзельніцамі толькі ў 2018. Абурае тое, што амэрыканскага саўдзельніка злачынцы судзілі за іх сумесны «праект», самога гэтага мужчыну судзілі за выраб порна ва Ўкраіне, але ў Беларусі пасьля гэтага да яго нібыта не было павышанай цікаўнасьці з боку адпаведных органаў.

Чаму так атрымалася? Адыграла сваю ролю ідэя, што ва ўсіх мусіць быць «другі шанец». І пакуль ня будзе адзінай міжнароднай базы пэдафілаў, мы яшчэ не раз пачуем падобныя гісторыі. Паміж спакоем пэдафілаў і бясьпекай дзяцей дзяржава пакуль што абірае абарону злачынцаў.

Увогуле, гэтая гісторыя дэманструе спэцыфіку працы адразу некалькіх дзяржаўных службаў. І вельмі напрошваюцца параўнаньні зь іншымі выпадкамі.

Ці адкажа нехта за тое, што пошук пачаўся праз дваццаць гадоў пасьля першага злачынства?

У 2017 годзе гарадзенку асудзілі за распаўсюд порна ў сацыяльнай сетцы Ўкантакце. Жанчына захавала на сваёй старонцы фатаздымак, на якім была «канструкцыя з трох аголеных целаў» і былі бачныя мужчынскія геніталіі.

Цяперашні герой здымаў і распаўсюджваў порна 20 гадоў. Цяпер Міністэрства унутраных справаў хваліцца, што мужчыну знайшлі за тры тыдні ад пачатку пошуку. Але ці адкажа нехта за тое, што пошук пачаўся праз дваццаць гадоў пасьля першага злачынства?

Цяпер яны малайцы — хутка вылічылі злачынцу па аўтамабілі. А да гэтага дзе яны ўсе былі? Чаму так атрымліваецца, што мы баімся паставіць лайк эратычнай карціне ў сацсетках, а пэдафіл можа гадамі гвалціць дзяцей, здымаць гэта на камэру, распаўсюджваць відэа ў інтэрнэце, а праваахоўнікі доўга і ўпарта ня будуць гэтага заўважаць?

Мы баімся паставіць лайк эратычнай карціне ў сацсетках, а пэдафіл можа гадамі гвалціць дзяцей

Пакуль злачынца разам з памагатымі рэгулярна гвалцілі маленькіх дзяўчат (дачок саўдзельніц), ні мэдыкі, ні сацыяльныя службы не зацікавіліся дзецьмі. Ніхто не заўважыў фізычных пашкоджаньняў і псыхалягічных зьменаў. Нікога не зацікавіла, што мужчына, якога судзілі за распаўсюд порна ў іншай краіне, жыве з жанчынай, у якой ёсьць малое дзіця.

Зрэшты, ні мэдыкі, ні сацслужбы, хутчэй за ўсё, ня ведалі пра мінулае мужчыны. Яны маглі ўвогуле ня ведаць пра ягонае існаваньне: у Беларусі яго раней за парушэньне сэксуальнай недатыкальнасьці непаўналетніх не судзілі, а калі б і судзілі, дык адкрытай базы ў нас усё адно няма. Інфармацыя з-за мяжы пра такія злачынствы нашых грамадзян калі і перадаецца, дык да тых, хто можа непасрэдна абараніць дзяцей, яна не даходзіць.

Вось і атрымліваецца, што гэтая гісторыя — нібыта сумны зьбег драматычных абставін, у якім не вінаваты ніхто акрамя затрыманых (мужчыны і дзьвюх жанчын). На працягу трох гадоў яны гвалцілі дзьвюх маленькіх дзяўчат. Пры першай сустрэчы з пэдафілам адной зь іх было два гады, другой — чатыры. Тры гады ніхто нічога не заўважаў. А мы, кажуць, мусім радавацца, што міліцыя хутка вылічыла злачынцу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.