Сэнат ЗША, яік знаходзіцца пад кантролем урадавай Рэспубліканскай партыі, прагаласаваў за тое, каб скасаваць уведзенае прэзыдэнтам Дональдам Трампам надзвычайнае становішча на мяжы з Мэксыкай.
Як паведамляе Associated Press, за гэта прагаласавалі 59 сэнатараў супраць — 41. Гэта значыць, што 12 сэнатараў-рэспубліканцаў выступілі супраць абвешчанага Трампам надзвычайнага становішча.
Прэзыдэнт ЗША паабяцаў, што накладзе вэта на гэтае рашэньне, і наўрад ці ў Кангрэсе знойдзецца дастаткова галасоў, каб яго пераадолець. Але гэта першы выпадак, калі абедзьве палаты Кангрэсу скарысталіся сваімі паўнамоцтвамі, каб скасаваць прэзыдэнцкую дырэктыву такога кшталту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША адхіліў указ прэзыдэнта Трампа аб надзвычайным становішчы на мяжы27 лютага Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю, якая адмяняе ўказ прэзыдэнта Трампа аб увядзеньні надзвычайнага становішча на мяжы з Мэксыкай.
Гэты ўказ быў падпісаны прэзыдэнтам Трампам 15 лютага з мэтай атрымаць магчымасьць траціць сродкі на збудаваньне пагранічнага бар’ера на мяжы з Мэксыкай — насуперак адмове Кангрэсу фінансаваць гэтае будаўніцтва.
Многія заканадаўцы, уключаючы некаторых рэспубліканцаў, палічылі, што прэзыдэнт у такой сытуацыі злоўжывае сваім правам абвяшчаць рэжым надзвычайнага становішча, падрываючы важную прэрагатыву Кангрэсу, які, паводле канстытуцыі краіны, кантралюе дзяржаўныя выдаткі.
13 рэспубліканцаў — чальцоў Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі разам з дэмакратамі за рэзалюцыю, палічыўшы, што прэзыдэнт сваім указам перавышае паўнамоцтвы, якія канстытуцыя адводзіць выканаўчай уладзе. Вынік галасаваньня: 245 — «за» і 182 — «супраць».
Закон аб надзвычайных паўнамоцтвах кіраўніка дзяржавы быў прыняты ў 1976 годзе. З тых часоў ён шмат разоў быў задзейнічаны, але ні разу раней ніводная з палат Кангрэсу не блякавала пажаданьняў прэзыдэнта. Цяпер дэмакраты заяўляюць, што крызісная сытуацыя на паўднёвай мяжы — гэта плён фантазіі прэзыдэнта Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніка выбарчага штабу Трампа асудзілі на дадатковы турэмны тэрмін