Ля Івацэвічаў аднаўляюць землі пасьля вывазу сьвінцовых адкідаў

Сход жыхароў Зялёнага Бору з чыноўнікамі, травень 2018 году

У пасёлку Зялёны бор Івацэвіцкага раёну праводзяць мерапрыемствы па аднаўленьні забруджаных зямель пасьля разьмяшчэньня на іх сьвінцовых адкідаў. Пра гэта сказаў старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс, піша БелаПАН.

Крымінальная справа па несанкцыянаванага разьмяшчэньню адкідаў у населеным пункце знаходзіцца ў «працэсе вытворчасьці», сказаў Ліс.

Паводле Ліса, вываз адкідаў завяршылі з асноўнай пляцоўкі, дзе яны знаходзіліся, так і з прылеглай тэрыторыі, дзе сьвінцовы попел зьмяшалі з грунтам. Побач зь ліквідаванымі месцамі, дзе разьмяшчалі адкіды, праводзяць кантроль за станам навакольнага асяродзьдзя.

Як ля Івацэвічаў зьвяліся сьвінцовыя адкіды?

Больш за 7,5 тысяч тонаў небясьпечных сьвінцовых адкідаў з акумулятарнага заводу каля Белаазёрску спачатку прывезьлі ў пасёлак Зялёны Бор Івацэвіцкага раёну. Аднак мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць, і ўлады прызналі, што адкіды небясьпечныя. У чэрвені адкіды пачалі вывозіць зь Зялёнага Бору на палігон прамысловых адкідаў у Магілёўскай вобласьці.