Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый 14 сакавіка вынялі з кантэйнэрнай пляцоўкі ў Менску на вуліцы Данілы Сердзіча радыеактыўныя рэчывы.
Што адбылося?
Інжынэр ЖЭУ патэлефанаваў ратаўнікам. Ён распавёў, што выявіў на кантэйнэрнай пляцоўцы на вуліцы Сердзіча падазроныя прадметы са знакам «Небясьпечна. Радыеактыўныя рэчывы ці іанізуючае выпраменьваньне». Паводле МНС гэта было плястыкавае вядро белага колеру са шклянымі і плястыкавымі ёмістасьцямі ўнутры.
Радыеацыйны фон перавышаў норму ў 4 разы
Ратаўнікі агарадзілі месца здарэньня. Папярэднія замеры паказвалі перавышэньне радыецыйнага фону на адлегласьці аднаго мэтру ад ёмістасьцяў у 4 разы. У двух мэтрах ад іх радыецыйны фон не перавышаў нормы.
Падчас абсьледаваньня пляцоўкі выявілі 5 ёмістасьцяў з парашкападобнымі рэчывамі:
- ураніл хлёрысты — 2 слоікі па 1 кг;
- ураніл азотнакіслы — 1 слоік (1 кг);
- ураніл сернакіслы — 1 слоік (1 кг);
- уран трохкіслы — 1 слоік (1 кг).
Пасьля выманьня слоікаў з рэчывам радыецыйны фон на кантэйнэрнай пляцоўцы знаходзіўся ў межах нормы. Для высьвятленьня выяўленых рэчываў ёмістасьці даставяць у Абʼяднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны».
Рэчывы належалі памерлай жанчыне
Рэчывы належалі жанчыне 1939 году нараджэньня, якая памерла ў 2016 годзе, піша ГУУС Менгарвыканкама. Жанчына раней працавала на хімічным факультэце аднаго з менскіх ВНУ. Напярэдадні ўнучка памерлай вырашыла навесьці парадак у кватэры бабулі і вынесла слоікі з рэчывам на пляцоўку для сьмецьця.