Аляксандар Лукашэнка 14 сакавіка прыняў з дакладамі кіраўніка сваіх справаў Віктара Шэймана і кіраўніцу сваёй адміністрацыі Натальлю Качанаву.
Як піша прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ён размаўляў зь Віктарам Шэйманам пра Афрыку: дамовіўся, што Шэйман «пабудзе ў шэрагу краінаў, зь якімі мы спрабуем супрацоўнічаць, і ў нас завязаліся добрыя стасункі, каб разумець, на якія дзяржавы Афрыкі нам абапірацца». Ён нагадаў Шэйману, што «наступныя два гады будуць экзамэнам для ўсёй „вэртыкалі“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Макей задумалі «пачаць асваеньне Афрыкі з Анголы»Выбарамі зоймецца адміністрацыя Лукашэнкі, бо ў ЦВК мала людзей? У законах такое не запісана
У размове з Натальляй Качанавай Лукашэнка згадаў будучыя выбарчыя кампаніі, «падкрэсьліўшы, што наступныя два гады ня мусяць уцягнуць краіну ў нейкія ўзбурэньні, а самі выбары мусяць прайсьці як сьвята».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала правесьці выбары 1 сьнежня 2019 годуЁн таксама заклікаў Качанаву пачынаць рыхтавацца да выбараў і ня ўтойваць гэтага, бо «ў ЦВК усяго нічога людзей» і «ўсё ляжа на плечы ўлады тут, зьверху, у адміністрацыі прэзыдэнта». Пры гэтым адцягваць урад на пытаньні выбараў Лукашэнка забараніў — «хай займаецца эканомікай».
Сярод функцыяў адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду няма правядзеньня выбараў. Паводле Канстытуцыі, іх забясьпечваюць выбарчыя камісіі. Выбарчы кодэкс апісвае паўнамоцтвы выбарчых камісіяў, прэзыдэнта, Палаты прадстаўнікоў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў — але ня ўраду ці адміністрацыі прэзыдэнта.
Акрамя таго, Лукашэнка даручыў Качанавай «прапанаваць варыянт» пасланьня беларускаму народу, якое Лукашэнка мае зачытаць неўзабаве, а таксама заняцца пытаньнямі ад грамадзянаў, якія паступілі падчас «вялікай размовы з прэзыдэнтам» — «узяць пад кантроль усе гэтыя пытаньні і страсянуць усю краіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаўКачанава адказала, што «ніякай надзвычайнай сытуацыі» што да бліжэйшых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў няма — і што ня трэба «рабіць розьніцы між электаральнымі гадáмі і астатнімі».
«Калі кіраўнік даў абяцаньне, яно мае быць выкананае. Людзей падманваць нельга, — падсумавала Качанава сустрэчу з Лукашэнкам. — Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды кажа прэзыдэнт нашай краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сыдзе ў 2025 годзе? Баюся, ня з нашым шчасьцем