Візавыя пагадненьні Беларусі з Эўразьвязам тармозіць Расея 

Наведнікі візавага цэнтру Польшчы ў Менску

Кіраўнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун пракамэнтаваў у эфіры тэлеканалу СТБ інфармацыю аб тым, што праблема з падпісаньнем дамовы аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў з Эўразьвязам зьвязаная з Расеяй.

«Мы знаходзімся ў такой унікальнай сытуацыі: Беларусь праводзіць перамовы і кансультацыі, з аднаго боку, аб спрашчэньні візавых фармальнасьцяў і аб падпісаньні пагадненьня з Эўразьвязам аб рэадмісіі. Зь іншага боку, ідуць адпаведныя кансультацыі і перамовы з Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў. І тое ж самае — пагадненьне аб унясеньні зьменаў у пратакол пагадненьня аб рэадмісіі», — сказаў чыноўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што на перамовах пра візы з Эўразьвязам «пастаянна ўзьнікаюць новыя моманты»

Паводле Аляксея Бегуна, у перамоўным працэсе трэба знайсьці кансэнсус дзеля таго, каб задавальняць інтарэсы як Беларусі, так і краін-падпісантаў гэтых пагадненьняў.

«Мы яшчэ працягваем кансультацыі як з расейскім бокам, так і з Эўразьвязам, каб знайсці аптымальны мэханізм, які адпавядаў бы ў першую чаргу, нацыянальным інтарэсам, інтарэсам грамадзян Рэспублікі Беларусь», — адзначыў прадстаўнік МУС.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у перамовах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, якія тычацца пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, паўсталі новыя пытаньні, па якіх бакам патрэбна знайсьці кампрамісныя рашэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэнгенскія візы даражэюць на 20 эўра. І для беларусаў таксама?

Адно зь іх заключаецца ў тым, што Беларусі пакуль не ўдаецца дамовіцца з Расеяй пра тое, каб яна прымала назад нелегальных мігрантаў, якія з расейскай тэрыторыі празь Беларусь трапляюць у ЭЗ. Расея адмаўляецца прымаць тых мігрантаў, у якіх ня будзе ў пашпарце расейскага штампу. Таму Эўразьвяз будзе вяртаць такіх нелегалаў у Беларусь. У сувязі з гэтым Менск просіць Брусэль аб дадатковай фінансавай і тэхнічнай падтрымцы, а таксама пра адтэрміноўку пагадненьня аб рэадмісіі.

Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму Беларусь і Эўразьвяз вядуць ад 2014 году. Неўзабаве ЭЗ маецца зьмяніць палажэньні Візавага кодэксу, згодна зь якім памер візавага збору павялічыцца з 60 да 80 эўра.