«Паглынаньне Беларусі Расеяй ужо адбылося», — украінка, якая пайшла на фронт замест сына і мужа

Аксана Якубава — маёр украінскай арміі, тры гады ваявала на Данбасе. Калі яна прыехала ў адпачынак у Кіеў у 2017 годзе, ёй спатрэбіўся курс рэабілітацыі ад посттраўматычнага сындрому. Якубава стала галоўнай гераіняй фільму «Яўных праяваў няма» ўкраінскай рэжысэркі Аліны Горлавай.

«Гэты фільм уратаваў мне жыцьцё. Калі рэжысэрка прыйшла да мяне, я ўжо месяц ні з кім не размаўляла», — кажа былая вайскоўка, якая цяпер вярнулася на працу ў Міністэрства фінансаў Украіны, дзе займае пасаду галоўнага эканаміста-фінансіста. Падчас чэскага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў аб правах чалавека «Адзіны сьвет» Аксана Якубава расказала Радыё Свабода, як ваявала за сына і мужа, пра незалежнасьць Украіны і Беларусі і пра тое, як хлусьня прыводзіць да вайны.

Your browser doesn’t support HTML5

Трэйлер фільму «Яўных праяваў няма»

Як трапіла на фронт і чаму ня хацела браць у свой батальён маладых

— Першы раз мяне выклікалі ў ваенкамат 18 сакавіка 2014 году, у самы першы дзень мабілізацыі. Я дзесяць гадоў служыла ў войску, да 2004 году, была начальнікам фінансавай службы адной з вайсковых частак, мела званьне старшага лейтэнанта запасу. Я брала ўдзел у Майдане, і для мяне нават пытаньня не стаяла «пайду — не пайду». Але тады яшчэ не хацелі браць жанчыну — цяпер гэта ўжо сьмешна гучыць.

Аксана Якубава

30 сакавіка зноў выклікалі — спатрэбіўся начальнік фінансавага аддзелу, шукалі афіцэра па спэцыяльнасьці. Празь дзьве гадзіны мы ўжо зьехалі — я практычна нікому нават не пасьпела паведаміць.

На працы ўсе зьдзівіліся — усе думалі, што супрацоўнікі Міністэрства фінансаў маюць бронь. Зь міністэрства нас пайшло служыць толькі двое — я ў першую хвалю і яшчэ адзін хлопец у трэцюю. Шмат хто знайшоў мільён прычын, каб не ісьці.

Калі набіралі першую хвалю, тагачасныя ваенкамы вырашылі, што гэта дзяржава адмывае грошы. Маўляў, прызываюць на 2–3 месяцы, а потым усіх распусьцяць. Мой камандзір брыгады на другі дзень службы сказаў:

— Ты навошта сюды ўвогуле прыйшла? Мужа прыйшла шукаць? Або я ня ведаю, што вы грошы адмываеце.

— Слухай, камандзір, на нас напалі, у нас вайна ў краіне.

— Ай, якая там вайна, хто там страляць будзе!

Праз тры месяцы ён ужо казаў: «Ты што, варажбітка? У нас сапраўды вайна». Тады ў нас ужо былі загінулыя.

Мне трэба было звальняцца 20 сакавіка 2015 году. Тады якраз выйшаў указ прэзыдэнта пра дэмабілізацыю першай хвалі. Я паехала ў гэты кароткі адпачынак і зайшла ў ваенкамат адзначыцца. Мне ваенкам кажа: «Во, табе хутка дадому, а твой сын у чацьвёртую хвалю пойдзе». А я ўжо бачыла Дэбальцава на свае вочы, і ня толькі Дэбальцава. Кажу: «Стой, камандзір, а што, калі я вярнуся?» — «Ну, ты ж ведаеш негалоснае правіла, што зь сям’і бяром аднаго чалавека».

Потым я прыехала да мужа ў Львоў, і там у ваенкамаце даведалася, што на яго ўжо таксама гатовая позва.

Я нікому не сказала, сама прыняла рашэньне. Ціхенька патэлефанавала камандзіру брыгады, папрасіла згоды на кантракт. Ён адразу пагадзіўся, але з умовай, што служба будзе ў зоне АТА [антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны].

Дома я сказала, што буду ў Краматорску — на той момант там было спакойна. Сказала, што ў штабе буду сядзець. І толькі праз 4 месяцы расказала — бо нас здымалі і паказалі на тэлебачаньні.

Муж адразу зразумеў, што я нешта хаваю. А сыну пазьней сказалі ў ваенкамаце, што яго не бяруць, бо маці служыць. Спачатку ён пытаўся: «Навошта ты гэта зрабіла?» А я казала, што зашмат ужо такіх дзяцей пахавала: «Не твая гэта вайна».

Для мяне гэта вайна майго пакаленьня. Бо гэта мы прапусьцілі момант, калі ледзь ня страцілі незалежнасьць. І мы павінны сваім дзецям аддаць краіну без вайны. Я і ў батальён старалася ня браць маладых.

Як казала бацькам, што сына ўжо няма

У ліпені мяне з пасады фінансіста перавялі ў батальён, я фактычна яго фармавала і зь ім была да звальненьня ў 2017-м. У першыя дні вайны мой батальён быў толькі з мабілізаваных. Кадравыя вайскоўцы баяцца. А мабілізаваныя — свабодныя людзі. Ты ў войску, але ты маеш сваю думку, свае погляды на жыцьцё. Мы зьмянялі войска. У нас былі шарагоўцы — кандыдаты навук. Гэта былі ўжо зусім іншыя адносіны ў батальёне. Потым у мой батальён прыйшоў «Правы сэктар». Гэта таксама вальналюбы і праўдалюбы.

А ў 2016 войска пачалі рабіць кадравым. Тыя, хто застаўся — такія, як я — не рабілі кар’еры, нам гэта было нецікава. Мы ўсе ведалі, што вернемся ў цывільнае жыцьцё. А вось кадравыя афіцэры любяць рабіць сабе кар’еру. І калі ты хочаш рабіць кар’еру, ты мусіш усім дагадзіць. Атрымалася, што пра нейкія нэгатыўныя рэчы, якія трэба тэрмінова выпраўляць, казалі толькі тыя, хто застаўся пасьля мабілізацыі. Некаторыя рэчы пачалі хаваць.

П’янства — вялікая праблема. На фронце кожны адказвае за сябе і за таварыша, які побач. Падчас бою, калі нават адзін збаяўся, праз гэта можа збаяцца ўвесь батальён, і пачнецца паніка. Гэтаксама калі ты нешта зрабіў ня так, ты можаш падставіць таварыша. Праз п’янкі вельмі шмат людзей гіне.

Пакуль ты ў пагонах, табе цяжэй дагрукацца да высокага начальства. Генэрал ня надта будзе слухаць маёра. А калі ты здымаеш пагоны, дык маеш больш правоў і магчымасьцяў нешта казаць і ўплываць на тое, што адбываецца ў войску.

Калі ты глядзіш там на чалавека, ты разумееш, што ты яго заўтра можаш не пабачыць, або цябе самой заўтра можа ня быць. Чаму людзі з АТА абдымаюцца? Абдымаесься, бо рады, што сустрэліся, і абдымаесься на разьвітаньне, бо ня ведаеш, ці пабачысься яшчэ некалі.

Мая праца была падбіраць людзей — па псыхалягічным стане: «гатовы — не гатовы». Наш батальён ад моманту стварэньня быў у зоне баявых дзеяньняў, у тым ліку ў самых актыўных пунктах. У нас былі някепскія адносіны з камандаваньнем, і мне камандзір брыгады дазваляў адразу прыехаць да новага папаўненьня. Я шчыра тлумачыла, у чым браў удзел наш батальён, колькі тады загінула чалавек, колькі было параненых, колькі забітых і параненых было за апошні месяц, якія ў батальёне правілы, які можа быць адпачынак. Расказвала ўсю праўду і пыталася: «Хто згодны, выходзім». Чалавек павінен ведаць, што ён можа памерці.

Нехта выходзіў, мы зь імі размаўлялі, глядзелі, каб людзі былі больш-менш адэкватныя, зноў тлумачылі. Глядзелі, каб гэта не былі дзеці, што зьбеглі ў войска ад бацькоў, каб гэта не былі шматдзетныя бацькі. Хоць у мяне і служыў бацька пяці дзяцей, але ён быў з «Правага сэктару», і гэта была асобная гісторыя.

Калі ты знаёмісься з чалавекам, увесь час бачыш яго на пазыцыях, гэтыя людзі табе робяцца вельмі родныя. І калі перадаюць, што яго няма... Ты памятаеш, як ён прыйшоў, як атрымоўваў форму, як зь ім размаўлялі. А цяпер трэба паведамляць родным, што чалавека няма. Я пісала ўсе рапарты і паведамляла сваякам, што яны загінулі.

Быў хлопчык, Дзяніска Іваноў, малады зусім, сам прасіўся ў батальён. Ягоныя тата з мамай за 5 гадоў да вайны пераехалі з Расеі ва Ўкраіну, у Хэрсонскую вобласьць. Увечары ён быў у штабе, мы зь ім размаўлялі, і я яго завозіла назад на пазыцыі. Пыталася: «Мо тут паседзіце?» Ён казаў: «Не, там жа стаяць няма каму».

А ў 5.30 паведамілі, што дывэрсійная група ўсіх, хто там стаяў на варце... усе «двухсотыя» [забітыя]. Ягонае цела нават замінавалі. Ён заснуў, і яго расстралялі сонным. Некалькі гадзін таму зь ім размаўлялі, а тут ужо дванаццаць куляў у целе. І я тэлефанавала ягонаму бацьку, той быў за стырном машыны. Я папрасіла, каб ён спыніўся, і сказала, што Дзяніса няма. Ён паклаў слухаўку, а потым перазваніў і кажа: «Гэта ў мяне адзін сын, ты разумееш? Што мне цяпер рабіць? Як мне жыць?» Было балюча.

Потым мы з татам яшчэ размаўлялі. Я на пахаваньні не была, але мне сказалі, што мама там сьпявала гімн Украіны, хоць яна сама расейка.

Чаму я паведамляла бацькам на пачатку вайны — бо ваенкаматы кепска працавалі. Магло быць такое, што цела прыяжджала раней, чым бацькам паведамлялі пра сьмерць.

Мікітка Яравой прыйшоў да нас як лейтэнант-выдатнік. Я пасьля 2014 году ўвогуле не хацела лейтэнантаў браць. Бо ў 14-м таксама ўзялі такіх лейтэнантаў, мы ім расказвалі, што адбываецца, а потым адзін зь іх атрымаў Героя Ўкраіны пасьмяротна — пайшоў у танкавую атаку на «сэпараў» пад Сьцяпанаўкай. А тут мне далі ажно сем лейтэнантаў. Думаю, што ж зь імі рабіць, усе ж такія героі. У Мікіткі дзяўчына была ў Львове, дзе ён вучыўся. Яны меліся ажаніцца ў студзені — яна чакала дзіця. А 16 сьнежня Мікіта загінуў. Сын нарадзіўся безь яго. Я дагэтуль кантактую зь ягонымі сваякамі і з многімі сем’ямі тых, каго ўжо няма. На магілы яшчэ ня езьдзіла — не магу пакуль.

Чаму тым, хто ваяваў, трэба дапамога псыхоляга

Ва Ўкраіне каля мільёна чалавек прайшлі праз зону АТА і каля 200 тысяч дагэтуль ваююць. Але ў нас няма сыстэмы рэабілітацыі для тых, хто ваяваў. У фільме дактары, якія спрабавалі нешта зрабіць, працавалі навобмацак: мо дапаможа? Яны ня ведалі, што рабіць. Псыхоляг, які гаворыць за кадрам, сам быў на фронце вайсковым псыхолягам і сам сябе потым спрабаваў лекаваць. Цяпер ёсьць валянтэры-псыхолягі, якія дапамагаюць вайскоўцам, але іх вельмі мала.

Усім вайскоўцам, якія прайшлі праз баявыя дзеяньні, удзельнічалі менавіта ў актыўных баявых дзеяньнях і прабылі на вайне больш за год-два, — ім усім трэба дапамога. Незалежна ад таго, хлопец гэта ці дзяўчына.

Кадр зь фільму «Яўных праяваў няма»

Калі ты вяртаесься, спачатку здаецца, што ты нармальны. А потым яно пачынае праяўляцца — і агрэсія была, і біцца хацелася. Калі ты жывеш у Кіеве і маеш вышэйшую адукацыю, ты неяк разумееш, што з табой нешта ня так. Можаш аналізаваць, што з табой робіцца, і шукаеш нейкае выйсьце. А калі чалавек зь вёскі, зь мястэчка, і дома за ім не глядзяць, дык ён ня можа зразумець, што зь ім здарылася, пачынае піць, пачынаюцца дома праблемы. З хлопцаў, якія ў нас служылі, 90 працэнтаў разьвяліся. Дзевяць чалавек ужо няма ў жывых пасьля вайны — гэта толькі маіх. Не суіцыднікі — яны памерлі ад хваробаў. У каго сэрца, кагосьці дабіў гепатыт, у некага анкалёгія вылезла.

Што варта ведаць сем’ям тых, хто вярнуўся з вайны

Вяртаюцца зусім іншыя людзі, і сем’і павінны разумець, што яны зусім нічога ня ведаюць пра вайну. Бо той, хто быў на вайне, ніколі ім ня скажа, што там сапраўды робіцца. Табе страшна расказаць праўду, тое, што ты бачыў.

Людзі вяртаюцца з зусім іншымі каштоўнасьцямі. І з новымі роднымі людзьмі — з тымі, хто там стаў табе братам, сястрой, мамай, татам. Калі мне мой старшына чатыры разы ўратаваў жыцьцё ў прамым сэнсе гэтага слова, дык ён мне бліжэйшы за ўсіх маіх сваякоў, напэўна. Ты жывеш з чалавекам у адным акопе, у адным бліндажы. Тры-чатыры чалавекі жывуць у адным месцы тры гады — пад абстрэламі, ня ведаючы, выйдзеш ты з гэтага бліндажа ці ня выйдзеш. Ноччу ляжыш, расказваеш пра сябе, пра сваю сям’ю. Мы адно пра аднаго ведаем больш, чым нашыя сем’і.

Ты прыходзіш фактычна зь іншымі блізкімі людзьмі, якія для цябе даражэйшыя. І тут цябе сустракаюць і пачынаюць нагадваць пра тое, пра што ты ўжо пасьпеў забыцца.

Ты ўвогуле не разумееш, у чым тут праблема. Пачынаеш псыхаваць, нэрвавацца. Не разумееш, што ўвогуле адбываецца ў гэтым сьвеце. Чаму людзі так памяняліся. Хоць насамрэч гэта ты памяняўся знутры.

Людзей з АТА ня хочуць браць на працу. Гэта праўда, ёсьць такое. Чаму? Бо гэты чалавек ня будзе маўчаць. Ён ня будзе рабіць дрэнна, бо ведае — калі ён зробіць дрэнна, гэта будзе мець уплыў. У нас ёсьць адчуваньне, што вайна пачалася таму, што мы нешта рабілі кепска да вайны. І гэтая віна за вайну на табе ляжыць.

Калі такі чалавек будуе дом, ён ня будзе кепска класьці цэглу, бо ведае, што дом можа ўпасьці праз гэтую цагліну. І такі чалавек ня дасьць свайму прарабу гэта зрабіць. Таму яго і не бяруць на працу.

Хлопцы сядзяць бяз працы, а дома ім пачынаюць расказваць, што муж павінен зарабляць, што есьці няма за што. А ён не разумее — як гэта есьці няма за што. Хлеб ёсьць? Тушонка ёсьць? Якая мне розьніца, што там у суседа.

Як зразумелі, што прэзыдэнт — найманы работнік

Трэба было быць шчырымі. Чамусьці мы ўсе думалі: «А што мы можам зрабіць? Там наверсе ёсьць прэзыдэнт, ён ведае». Але гэта ж мы дапусьцілі такую ўладу. Мы атрымалі незалежнасьць, пачалі абіраць прэзыдэнтаў. Думалі: «Ат, хіба мой голас на нешта ўплывае?» Паспрабуйце цяпер сказаць чалавеку з АТА, што ягоны голас ні на што не ўплывае.

Калі Януковіч прыйшоў: «Якая розьніца, хто там будзе прэзыдэнтам». Мы ж усе бачылі, што робіцца. Мы ж шмат гадоў на гэта глядзелі. Навошта было цягнуць да Майдану? Хіба трэба было цягнуць да ўсяго гэтага кровапраліцьця?

Недзе была памылка. Мы як народ разумелі, што думка кожнага з нас ня ўлічваецца. Цяпер такога няма. Мы павінны разумець, што прэзыдэнт — гэта найманы работнік, які працуе на народ. І кабінэт міністраў таксама. Інакш быць ня можа, і я маю права як грамадзянка выказаць гэта ўсё. І я буду гэта рабіць, бо інакш заўтра будзе тая ж сытуацыя — зноў прыйдуць расейцы.

Пра цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

Я вельмі баюся, што цяпер палітыкаў ацэньваюць ужо зь іншага боку. Не хачу вялікіх пэнсій і заробкаў, бо разумею — у краіне, якая ваюе, гэтага зрабіць немагчыма. Як эканаміст я магу пралічыць, у якім стане знаходзіцца мая краіна. Хачу, каб мой прэзыдэнт быў найперш патрыётам. Цяпер кожны адзін аднаго абвінавачвае, і я вельмі добра бачу, дзе ідзе вайна алігархаў.

Калі ты прыяжджаеш з фронту, ты бачыш, што ў краіне памянялася. А яно сапраўды памянялася. Немагчыма параўнаць тую карупцыю, якая была да вайны, і цяперашнюю. Можа, усю яе і немагчыма выкараніць, бо тады ўся краіна абрынецца, але нейкія зрухі ёсьць. Прынамсі, пачынаюць баяцца. У сваім міністэрстве я гэта бачу.

І я б вельмі не хацела, каб прыйшоў прэзыдэнт, які ня будзе любіць краіну. У нас кажуць, што калі гэта будзе не патрыёт краіны, дык праз 2–3 месяцы будзе вельмі жорсткі Майдан. Такога чалавека папросту выкінуць. Той, хто ідзе ў прэзыдэнты, павінен гэта разумець.

Пра Беларусь і беларусаў

У мяне такое адчуваньне, што паглынаньне Беларусі Расеяй ужо адбылося. Тое, што я пачула на Новы год, калі ваш прэзыдэнт езьдзіў у Расею, — вось так пачыналася паглынаньне Ўкраіны, калі мы пачалі ўсю сваю эканоміку завязваць на Расею.

Вельмі шкада, бо ў мяне вельмі шмат сяброў зь Беларусі — у нашым батальёне, напрыклад, дагэтуль ваюе хлопец з пазыўным «Дранік», выдатна ваюе. Яны цяпер ня могуць у Беларусь вярнуцца — і, на жаль, ня могуць у нас атрымаць грамадзянства.

Зьдзівіла, што ў вас гэта прайшло ціха. У нас бы такога не далі зрабіць. За сваю краіну трэба змагацца, інакш ня будзе краіны.

Пра стаўленьне да Расеі і да расейцаў

У нас служыла некалькі грамадзян Расеі, якія цяпер ужо ня могуць туды вярнуцца. Некаторыя зь іх загінулі.

Калі казаць агулам пра расейцаў — яны спыніліся, яны не разьвіваюцца. Я паглядзела іх тэлевізію — гэта ж Савецкі Саюз. Усё тое ж самае, што казалі ў Савецкім Саюзе майму пакаленьню, цяпер кажуць ім.

Такое адчуваньне, што ў Расеі маё пакаленьне і пакаленьне троху старэйшае не захацелі страціць сваю маладосьць, яны хочуць быць вечна маладыя, ня хочуць саступаць. Яны спынілі гэтую краіну і пачалі адкат назад. І каб кіраваць краінай, яны навязваюць ідэалёгію. Мы атрымалі «рашызм», гэта той жа фашызм.

Мы ведаем, што такое кепска канчаецца. Але Пуцін — гэта не бяда Расеі. Бо калі ня будзе Пуціна, будзе нехта іншы. Трэба, каб там зразумелі, што цэлая сыстэма кепская. Вось калі яны пабачаць, што нам добра, а ў іх не атрымоўваецца, тады Расея разваліцца, як разваліўся Савецкі Саюз. Тады можа быць лягчэй і Беларусі.

Пра тых расейцаў, хто кажа, што ва Ўкраіне няма расейскіх вайскоўцаў

У 2014 годзе ў нас у частцы служыла дзяўчына, чые бацькі былі з Благавешчанску [на Далёкім Усходзе Расеі]. Яны перасталі зь ёй камунікаваць, бо яна зрабілася «бандэраўкай». Не таму, што размаўляла па-ўкраінску — яна ўкраінскай мовы ўвогуле ня ведала. А таму, што яна служыла ў нашым войску і сказала ім, што сюды зайшлі расейскія войскі. «Не, у Крыме няма расейскіх войскаў!» Яны дагэтуль не размаўляюць.

Некалі ў часы СССР мы таксама верылі, што савецкія войскі ўсіх абараняюць, ні на кога не нападаюць, што мы вызвалялі Аўганістан, Этыёпію, іншыя «гарачыя пункты». І Прагу мы «вызвалілі», і Будапэшт разграмілі. А потым прыйшло прасьвятленьне.

Як перажываюць нашыя мамы, я ведаю. Але што думаюць іх мамы, калі ім зь нейкай Украіны прывозяць труны? Як яна ставіцца да таго чалавека, які паслаў яе сына паміраць на вайну, якой няма? Думаю, там таксама ёсьць такія, у каго гэта адзіныя сыны. Я б хацела іх пачуць.

Нават у Савецкім Саюзе маці, якія страцілі сваіх дзяцей у Аўганістане, — яны крычалі. А тут такая цішыня.

У матэрыяле скарыстаныя фота, зробленыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе з 2015 па 2018 год.