Помнік Сталіну ў расейскім Новасібірску зьявіцца напярэдадні 9 траўня

Двор абкама КПРФ у Новасібірску, дзе ўсталююць помнік Сталіну.

Мастацкая рада Новасібірску канчаткова зацьвердзіла ўстаноўку помніку Сталіну ў цэнтры гораду. З 16 экспэртаў, якія прысутнічалі на пасяджэньні, «за» выказалася 11 чалавек, паведаміў карэспандэнт «Сибирь. Реалии».

Помнік зьбіраюцца паставіць на тэрыторыі рэгіянальнага аддзяленьня Камуністычнай партыі напярэдадні 9 траўня сёлета. Па словах старшыні мастацкай рады, архітэктара Аляксандра Ложкіна, гэта кампраміснае рашэньне, якое «дазволіць жадаючым ускладаць кветкі і ў той жа час ня будзе абражаць людзей, якія лічаць Сталіна тыранам».

Ложкін заклікаў калег не ўступаць у палітычныя дыскусіі, а ацэньваць толькі мастацкі складнік бюста. Па словах архітэктара, дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць дачыненьне Сталіна да злачынстваў, не існуе, і гэта афіцыйная пазыцыя дзяржавы.

Паседжаньне мастацкай рады

«Абранае найменшае зло, але дабрэй яно ад гэтага ня стала. Мы ганарымся тым, што паставім яго не ў грамадзкім месцы, але тым ня менш, мы цяпер прагаласавалі за тырана», — заявіў карэспандэнту «Сибирь. Реалий» сябра мастацкай рады, краязнаўца Канстанцін Галадзяеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэтэндэнтка на «Оскар» выказалася пра Курапаты, Алексіевіч і Сталіна на Краснай плошчы

Бюст Сталіна ўжо гатовы, на яго выраб ініцыятыўная група сабрала каля 500 тысяч расейскіх рублёў. Працы па падрыхтоўцы і добраўпарадкаваньні пляцоўкі, на якой мяркуецца ўсталяваць бюст, зьбіраюцца прафінансаваць з гарадзкога бюджэту. Мэр Новасібірску Анатоль Локаць, які ўзначальвае абласное аддзяленьне КПРФ, заявіў, што для гэтага неабходна каля аднаго мільёна расейскіх рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч: «Наш чалавек хоча мець шэнгенскую візу і яшчэ партрэт Сталіна»

У лістападзе летась мастацкая рада адхіліў просьбу ініцыятыўнай групы пра мантаж помніку на гарадзкіх вуліцах, спаслаўшыся на тое, што ў гэтым выпадку манумэнт могуць пашкодзіць людзі, якія лічаць Іосіфа Сталіна вінаватым у арганізацыі масавых рэпрэсій і гібелі мільёнаў людзей.

Раней мэрыя на сваім сайце праводзіла абмеркаваньне найбольш прыдатнага месца для ўстаноўкі помніка. Паступіла 155 станоўчых водгукаў на прапанову ўсталяваць у горадзе бюст Сталіна, і ў 97 зь іх быў абсалютна ідэнтычны тэкст. Усяго праект атрымаў 243 водгукі: акрамя станоўчых, было 85 адмоўных і тры пустых. Больш за 11 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю на сайце change. org супраць зьяўленьня такога помніку.