Ці можна зьмяніць дзейную Канстытуцыю Беларусі, захаваўшы яе легітымнасьць і пасьлядоўнасьць? Гэтае пытаньне стала цэнтральным 13 сакавіка на паседжаньні экспэртнага клюбу, арганізаванага ў Менску абʼяднаньнем «Эўрапейскі дыялёг».
Так, актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі лічыць, што на пераходны пэрыяд Беларусі патрэбная Малая Канстытуцыя. Яна зможа забясьпечыць устойлівасьць. Так было, напрыклад, у 1989 годзе ў Польшчы — пасьля Круглага стала Малая Канстытуцыя дзейнічала там 10 гадоў. Дарэчы, у Беларусі праект Малой Канстытуцыі быў прыняты Кангрэсам дэмакратычных сіл у 2005 годзе.
Судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў мяркуе, што для прыняцьця новай Канстытуцыі трэба стварыць грамадзкую канстытуцыйную камісію. Яна, на думку прафэсара, можа быць «бязьмежнай» па колькасьці, працаваць над дакумэнтам можна ад аднаго да трох гадоў.
Што хоча зьмяніць у Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка, пакуль невядома. Анатоль Лябедзька лічыць, што ў выніку большыя паўнамоцтвы могуць быць перададзеныя ад прэзыдэнта прэмʼер-міністру, тады ўрад узначаліць Лукашэнка. Пастухоў жа ня выключае, што прэзыдэнт Беларусі будзе абірацца надалей, але не народам, а толькі Нацыянальным Сходам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў