Расейскі пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч прыняў у менскім пасольстве лідэраў грамадзка-палітычнага руху «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева і Тацьцяну Караткевіч.
У інтэрвію Свабодзе Дзьмітрыеў распавёў, як і навошта сустракаўся з расейскім амбасадарам і што пачуў з вуснаў спэцыяльнага прадстаўніка Ўладзіміра Пуціна ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраваў Чачнёй, уводзіў войскі ў Крым. Хто стаў новым амбасадарам Расеі ў БеларусіПра матыў і мэту сустрэчы
«Мы сустракаемся з рознымі пасламі. Гэта нармальная міжнародная праца. Я думаю, што вас не зьдзіўляе, калі мы прыяжджаем выступаць у Эўрапейскі парлямэнт. Расея — вельмі важная для Беларусі краіна. Яна на нас уплывае і мы ўсе гэта разумеем. Па-другое, мы данесьлі яму сваю пазыцыю. Адносіны з Расеяй сёньня — гэта самыя закрытыя для грамадзтва стасункі. Мы лічым, што важна размаўляць і зразумець пазыцыю Расеі. Трэба падключаць грамадзянскую супольнасьць, пашыраць колькасьць пляцовак для дыялёгу. Трэба пазбаўляцца ад ілюзіі, што прэзыдэнты пра ўсё дамовяцца».
Пра тое, як трапіць да спэцпрадстаўніка Пуціна
«Гэта было няпроста. Але працэдура была абсалютна звычайнай, як і ў выпадку зь іншымі амбасадарамі. Міжнародная служба «Гавары праўду» даслала ў пасольства ліст з просьбай аб сустрэчы. Узгадняліся пытаньні размовы, якія мы хочам закрануць. Уся перапіска цягнулася каля трох месяцаў».
Пра выбары ў Беларусі
«Сур’ёзнай размовы пра гэта не было».
Пра Бабіча як чалавека
«Ён пакінуў уражаньне палітыка новай генэрацыі, вельмі прагматычнага і дзелавога, якія ўмее весьці бізнэс-перамовы і ня любіць непрагматычнасьці. Бабіч адрозьніваецца ад іншых паслоў. Ён не дыплямат. Ён нам так і сказаў, што прыехаў сюды вырашаць тыя праблемы, якія назапасіліся за 20 гадоў у саюзных стасунках. Так гэта і адчуваецца. Ён склаў сабе сьпіс пытаньняў і прасоўвае тут расейскі погляд таго, як яны павінны вырашацца. А мы можам тлумачыць яму наш погляд і нашыя інтарэсы».
Пра агрэсію супраць Беларусі
«У нас была кароткая прамова пра магчымасьці агрэсіі Расеі. Ён цалкам гэта выключыў і сказаў, што гэта немагчыма. Яны бачаць аснову саюзнай дзяржавы ў эканоміцы і хочуць разьвязаць вузлы менавіта ў эканоміцы, а не бразгатаць зброяй адзін перад другім. Мы сказалі, што для беларусаў тэма сувэрэнітэту вельмі важная і што беларускае грамадзтва нэрвова рэагуе на напады і стаўленьне пад сумнеў нашай незалежнасьці. Ён на гэта адказаў, што Расея ня ставіць пад сумнеў незалежнасьць Беларусі. Што Расея ня лічыць магчымым адкруціць 25 гадоў гісторыі. Але Масква хоча зразумець, якой мае быць будучыня адносінаў».
Пра беларускую мову
«Закранулі пытаньне мовы — што мы выступаем за яе шырэйшы ўжытак. Мы сказалі, што ня лічым гэта пагрозай. І адносіны з Захадам — гэта не пагроза Расеі, а нармальная праца. У Расеі, дарэчы, дамова з ЭЗ такая, што нам толькі марыць. Ён запэўніў, што ня мае нэгатыўнага стаўленьня да беларускай мовы і што ніякай праблемы ў тым, каб беларусы яе папулярызавалі, ён ня бачыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Расеі ў Менску паабяцаў адказ Масквы ў выпадку нападу на БеларусьПра крытыку «Гавары праўду» за прарасейскасьць
«Крытыкавацца кім? Тымі, для каго ўсё, што б мы ні зрабілі, мы і так праўладныя або прарасейскія. Мы на іх не арыентуемся. Людзі, якія разумеюць, як жыве і як будзе жыць Беларусь, ведаюць, што без нармальных адносінаў з Расеяй нам не захаваць ні бясьпеку, ні краіну, ні эканоміку. Яны разумеюць, што мы робім нармальную палітычную працу, і сустрэча з паслом – гэта не выказваньне падтрымкі паслу, а палітычныя праца».
Пра новыя сустрэчы
«Я быў бы рады, калі б пасьля нас з амбасадарам паспрабавалі сустрэцца і бізнэсоўцы, і прамыслоўцы, і ўсе астатнія апазыцыйныя і палітычныя партыі, якія б выказалі яму сваю пазыцыю наконт адносінаў з Расеяй. Сёньня зашмат мітаў пра апазыцыю, якія перашкаджаюць нармальна разьвівацца. Трэба так працаваць, каб закіды, што апазыцыя хоча выслаць зь Беларусі ўсіх расейцаў, былі б неверагодныя. Сёньня мы недапрацоўваем на ўсходнім кірунку, якія для нас, для беларускіх інтарэсаў вельмі важны».
Пра тое, што Беларусь – не Ўкраіна і не ЗША
«Шмат якія палітыкі баяцца, што яны сустрэнуцца з расейскім паслом, а пасьля на іх выльецца столькі ўсяго. Часам людзі блытаюць, дзе мы жывем. Мы жывем не ва Ўкраіне і не ў ЗША. Мы беларусы, у нас свае стасункі з Расеяй і нам трэба іх выбудоўваць. Трэба мяняць парадыгму. Я не выключаю, што калі б яны прасілі аб такой сустрэчы, то і Рыгор Кастусёў сустрэўся б зь ім і давёў, чаму Расеі выгадна пабудаваць сьцяну, як Амэрыцы. Але гэта не пытаньне волі пасла, а нашай волі. У «Гавары праўду» такая воля ёсьць».