Брытанскі парлямэнт праваліў прапанаванае Тэрэзай Мэй пагадненьне аб Брэксыце

Тэрэза Мэй у парлямэнце 12 сакавіка

У Палаце абшчынаў брытанскага парлямэнту адбылося галасаваньне ў пытаньні аб пагадненьні наконт выхаду Брытаніі з Эўрапейскага зьвязу.

За пагадненьне прагаласавалі 242 дэпутаты, супраць 391.

У ноч на аўторак пасьля перамоваў Тэрэзы Мэй зь лідэрамі Эўразьвязу ў Страсбуры ўдалося дасягнуць зьменаў у пагадненьні аб Брэксыце. Аднак, як заявіў генэральны пракурор Вялікабрытаніі Джэфры Кокс, гэтыя зьмены па-ранейшаму не гарантуюць, што Брытанія ў аднабаковым парадку зможа адмовіцца ад прадугледжанага дагаворам мэханізму так званага «бэкстопу». Ён прадугледжвае, што, пакуль Брытанія і ЭЗ не дамовяцца аб рэжыме на ірляндзкай мяжы, Брытанія фактычна мусіць выконваць мытныя і іншыя правілы ЭЗ.

Менавіта «бэкстоп» стаў каменем сутыкненьня для многіх прыхільнікаў Брэксыту, якія галасавалі ў студзені супраць праекту дамовы.

  • Цяпер парлямэнт мае вырашыць, ці выйдзе Брытанія з ЭЗ 29 сакавіка без усякага пагадненьня.
  • Калі і гэты варыянт не атрымае ўхвалы, у чацьвер парлямэнт прагаласуе аб пераносе даты Брэксыту на тры месяцы. Аднак з гэтым яшчэ мусіць пагадзіцца Эўразьвяз. Лідэры ЭЗ раней папярэджвалі, што могуць даць такую згоду, але, верагодна, толькі адзін раз. Да канца чэрвеня Брытанія ў любым выпадку павінна будзе або выйсьці з ЭЗ, або перагледзець рашэньне аб выхадзе.
  • Лейбарысты нядаўна падтрымалі правядзеньне паўторнага рэфэрэндуму аб Брэксыце, аднак незразумела, якім чынам яны будуць дамагацца яго правядзеньня.
  • Адтэрміноўка Брэксыту можа быць кароткачасовай, паколькі ў канцы траўня адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, і ЭЗ запатрабуе ад Вялікабрытаніі прыняць у іх удзел, калі краіна ўсё яшчэ будзе знаходзіцца ў Эўразьвязе. Ключавой пытаньне — мяжа паміж Паўночнай Ірляндыяй (часткай Злучанага каралеўства) і Ірляндыяй (дзяржавай-членам ЭЗ). Выхад Брытаніі з адзінай мытнай прасторы ЭЗ (што прадугледжвае Брэксыт) патрабуе праверкі тавараў на мяжы. Такі кантроль можна арганізаваць у партах (хоць гэта можа пацягнуць перабоі ў пастаўках), але на адзінай сухапутнай мяжы Вялікабрытаніі з ЭЗ — з Ірляндыяй — трэба будзе ўсталёўваць рэальную мяжу. Гэта супярэчыць мірным пагадненьням, якія паклалі канец канфлікту ў Ольстэры. Многія асьцерагаюцца аднаўленьня кровапраліцьця.
  • Плян Тэрэзы Мэй прадугледжвае, што пакуль мяжы ня будзе, а Вялікабрытанія будзе прытрымлівацца большасьці правілаў Эўрапейскай мытнай прасторы. У будучыні ж, дзякуючы нейкім новым тэхналёгіям, магчыма будзе наладзіць кантроль тавараў і без мяжы.
  • Прыхільнікі Брэксыту асьцерагаюцца, што ў выніку Вялікабрытанія акажацца зьвязана з ЭЗ нейкім новым пагадненьнем, і ня зможа яго разарваць паводле свайго жаданьня.
  • Праціўнікі Брэксыту выступаюць за захаваньне Вялікабрытаніі ў мытным саюзе з ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрэза Мэй прапануе адтэрміноўку для Брэксыту

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце дапусьцілі магчымасьць пераносу Brexit