Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, згодна зь якой Расею больш ня будуць лічыць стратэгічным партнэрам. Праект дакумэнту ўнесла дэпутатка ад Латвіі Сандра Калніетэ. «За» прагаласавалі 402 эўрапарлямэнтары, «супраць» — 163. У якасьці прычыны пазначаны анэксія Крыму, «непасрэдны і апасродкаваны» ўдзел у канфлікце ва Ўкраіне, а таксама парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі і Малдовы.
У дакладзе, у прыватнасьці, згадваецца атручэньне Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры, кібэратакі, меркаваныя сувязі Расеі з «папулісцкімі сіламі» ўнутры ЭЗ, перасьлед у Расеі апазыцыйных актывістаў і праваабаронцаў.
Супрацоўніцтва, гаворыцца ў дакладзе, захаваюць у такіх сфэрах, як энэргетычная бясьпека, штучны інтэлект, зьмены клімату і барацьба з тэрарызмам. Нарошчваць супрацоўніцтва можна будзе, толькі калі Расея цалкам выканае Менскія пагадненьні і пачне выконваць міжнароднае права, гаворыцца ў рэзалюцыі. На думку парлямэнтароў, Эўразьвяз мусіць быць гатовы ўвесьці новыя санкцыі, асабліва пэрсанальныя, калі Расея будзе надалей парушаць міжнароднае заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ дамовіўся пра новыя правілы для расейскага газаправоду «Паўночны паток-2»Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту таксама выказаліся за спыненьне праекту газаправоду «Паўночны паток-2». У дакладзе адзначаецца, што газаправод ўзмацняе залежнасьць Эўразьвязу ад паставак расейскага газу, пагражае яго ўнутранаму рынку і парушае палажэньні энэргетычнай палітыкі ЭЗ.
З дапамогай новага праекту «Паўночны паток-2» Расея спрабуе зьнізіць залежнасьць экспарту энэрганосьбітаў ад транзыту праз Украіну.
Увод трубаправоду ў эксплюатацыю намечаны на 2019 год, па ім у Нямеччыну пойдзе 55 млрд кубамэтраў газу на год ці больш за чвэрць ад аб’ёму экспартных паставак «Газпрому».
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель раней заяўляла, што праца «Паўночнага патоку-2» магчымая толькі ў выпадку, калі Расея ня спыніць транзыт газу праз Украіну. Працягваць транзыт абяцаў і Ўладзімір Пуцін. ЗША рыхтуюцца ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да кампаній, якія займаюцца «Паўночным патокам-2».