Батанічны сад стане яшчэ адной зялёнай зонай у Менску, якую закране будаўніцтва.
11 сакавіка адміністрацыя Першамайскага раёну Менску арганізавала грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будучай рэканструкцыі Батанічнага саду.
Праект прадугледжвае будаўніцтва аранжарэі з гандлёва-выставачным павільёнам, кавярні і паркінгу. Будаўніцтва могуць пачаць ужо налета.
Новы аб’ект зьявіцца на месцы гадавальніку, які перанясуць у іншае месца. Яго даўжыня каля 165 мэтраў, шырыня 30 мэтраў, а вышыня 20 мэтраў.
Батанічны сад створаны ў 1932 годзе. У 2007 годзе яго тэрыторыю ўключылі ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, што прадугледжвае пэўныя рэглямэнты і ахоўныя зоны.
Міністэрства культуры ўжо выдала заключэньне, што новая будоўля не супярэчаць нормам праекту зонаў аховы. Яе плянуецца рэалізаваць згодна з дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмай, зацьверджанай прэзыдэнцкім указам.
Батанічны сад выступіць замоўнікам рэканструкцыі. Плошча забудовы складзе каля 4950 квадратных мэтраў. Агульная плошча першага паверху складае 4400 квадратных мэтраў, другога — 2200 квадратных мэтраў, а падземнага ўзроўню — 4400 квадратных мэтраў. Агульная плошча будынку — 11 000 квадратных мэтраў. Будаўнічы аб’ём надземнай часткі складзе 66 000 кубічных мэтраў, а падземнай — 23 000 кубамэтраў.
Пакуль канчатковага праекту няма, усё на стадыі перадпраектнай прапрацоўкі. Кошт будоўлі падчас сустрэчы не назвалі.
Што хочуць збудаваць у Батанічным садзе?
- аранжарэю плошчай каля 2 тысяч квадратных мэтраў і максымальнай вышынёй у 20 мэтраў, зь зялёнымі насаджэньнямі на даху і летнімі кавярнямі;
- шматфункцыйную залю для лекцыяў, сэмінараў і выставаў;
- кавярню на 50 месцаў з магчымасьцю працы як летняй кавярні;
- падземны паркінг на 49 месцаў;
- адкрытую аўтастаянку на 10 месцаў, найперш для інвалідаў і заездаў турыстычных аўтобусаў;
- краму для продажу расьлін плошчай каля 300 квадратных мэтраў;
- адміністрацыйныя памяшканьні;
- прыбіральні для наведнікаў Батанічнага саду;
- новы ўваход з боку вуліцы Акадэмічнай, для чаго, паводле праекту, давядзецца высекчы 5-6 дрэваў.
На прылеглую тэрыторыю распрацаваны плян дэталёвага плянаваньня, які, між іншым, бярэ пад увагу будаўніцтва новай лініі мэтрапалітэну. Разьмяшчэньне аб’екту ў Батанічным садзе зроблена з улікам выхаду з мэтро.
Аўтары перадпраектнай распрацоўкі абяцаюць элемэнты «зялёнай» архітэктуры — «зялёны» дах, на якім усталююць сонечныя батарэі. Дажджавую ваду будуць зьбіраць і ачышчаць для паліву расьлін і тэхнічных патрэбаў.