Тры градусы да апакаліпсісу. Ці можна спыніць кліматычную катастрофу

Ледавік у Антарктыдзе

Як спыніць кліматычную катастрофу? Абмяркоўваюць расейскія экспэрты Ўладзімір Кліменка і Міхаіл Лакашчэнка.

Сьцісла

  • Кліматолягі канчаткова даказалі антрапагенную прыроду глябальнага пацяпленьня: тэмпэратура атмасфэры павышаецца празь дзейнасьць чалавека.
  • Калі тэмпэратура павысіцца на тры градусы ў параўнаньні з даіндустрыяльнай эпохай, нас чакае кліматычная катастрофа.
  • Паводле прагнозаў навукоўцаў, пацяпленьне клімату на паўтара градуса да сярэдзіны гэтага стагодзьдзя непазьбежнае, што б ні рабіў чалавек.
  • Каб зьнізіць тэмпы глябальнага пацяпленьня, людзям трэба разьвіваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі і паступова пераходзіць на іх.

Уладзімір Кліменка — член-карэспандэнт Расейскай Акадэміі навук, кіраўнік Лябараторыі глябальных праблем энэргетыкі Маскоўскага энэргетычнага інстытуту.

Міхаіл Лакашчэнка — вядучы навуковы супрацоўнік катэдры мэтэаралёгіі і кліматалёгіі геаграфічнага факультэта МДУ.

Міхаіл Лакашчэнка: Пацяпленьне само па сабе — відавочны факт назіраньняў. Гэта абсалютна даказаны эмпірычны факт, вынік вымярэньня мэтэаралягічнай сеткі, якая існуе ў глябальным маштабе зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Сярэдняя глябальная тэмпэратура істотна павысілася: на працягу ХХ стагодзьдзя — на 0,7 градуса, а за ўвесь пэрыяд зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя — прыблізна на градус. Пра прычыны можна спрачацца. Паводле меркаваньня большасьці спэцыялістаў, у вызначальнай меры гэта вынік ўплыву чалавечай дзейнасьці, хоць нельга выключыць і прыродную кампанэнту.

Уладзімір Кліменка: Сусьветныя цыклы пацяпленьня і пахаладаньня — гэта такі самы факт, як і факт глябальнага пацяпленьня апошняга паўтара стагоддзя. Прычым маштабы часу натуральных цыклаў зьмяняюцца ў вельмі шырокіх дыяпазонах. Дамінуючы цыкл апошніх некалькіх мільёнаў гадоў — гэта так званыя цыклы Міланковіча, вельмі павольныя з нашага пункту гледжаньня. Яны працягваюцца дзясяткі тысяч гадоў, самы вялікі цыкл — прыкладна сто тысяч гадоў. Ёсьць значна больш кароткія цыклы, значыць, прыблізна дзесяцігадовыя, некаторыя зьвязваюць іх са зьмяненьнем сонечнай актыўнасьці.

Але калі мы гаворым пра глябальнае пацяпленьне, якое разьвіваецца на працягу апошняга стагодзьдзя, то нас павінны турбаваць так званыя дэкадныя цыклы. Самы галоўны з іх — гэта прыкладна 70-гадовы цыкл. Яго амплітуда паміж максымумам і мінімумам складае прыкладна пяць-шэсць градусаў, ён накладваецца на магутны, пераважна антрапагенны трэнд, што прыводзіць да таго, што ў асобныя пэрыяды часу антрапагенныя і прыродны складнік дадаюцца адзін да аднаго, і пацяпленьне паскараецца. Гэта тое, што адбылося ў 80-90-х — пачатку 2000-х гадоў, калі глябальная тэмпэратура расла пагрозьлівымі тэмпамі. Але цяпер хуткасьць павышэньня тэмпэратуры зьнізілася, таму што ў мультыдэкадным прыродным цыкле мы прайшлі максымум.

Я дазволю сабе зрабіць даволі рызыкоўны прагноз. Паводле мяне, праз 3, 4, 5 гадоў мы сутыкнемся з тым самым, з чым сутыкнуліся паміж 1998-м і 2012-м гадамі, калі да зьдзіўленьня і жаху кліматалягічнай супольнасьці глябальнае пацяпленьне на фоне штораз большага антрапагеннага ўварваньня ў атмасфэру раптам спынілася. 15 гадоў глябальная тэмпэратура практычна не расла. З пункту гледжаньня глябальнага пацяпленьня, найважнейшым зьяўляецца прыкладна 30-гадовы цыкл.

Цалкам дыскусію экспэртаў слухайце ў далучаным відэа.