Шуневіч узнагародзіў вучняў стаўпецкай школы, якія спынялі нападніка з нажом  

Разьвітаньне з ахвярамі стаўпецкай разьні

11 сакавіка сярэднюю школу №2 ў Стоўпцах на Меншчыне наведаў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Пра гэта паведамляе стаўпецкая газэта «Прамень».

Міністар Шуневіч узнагародзіў нагрудным знакам МУС «За садзейнічаньне» Ўладзіслава Цьвірко і Руслана Шуцько, вучняў 10 «Б» клясы, якія падчас нядаўняй трагедыі праявілі мужнасьць і адвагу, спрабуючы спыніць нападніка з нажом.

Таксама міністар заявіў, што разглядаецца магчымасьць узмацненьня мераў бясьпекі ў грамадзкіх месцах, перадусім ва ўстановах, дзе знаходзяцца дзеці.

11 лютага 15-гадовы навучэнец Стаўпецкай школы нумар 2 напаў з нажом на выкладчыцу гісторыі і вучняў: жанчына і адзін старшаклясьнік загінулі, некалькі падлеткаў атрымалі раненьні.

Падазраваны ўзяты пад варту. Расьсьледуецца крымінальныя справы аб двайным забойстве і аб замаху на забойства.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.