У Эўропе, Азіі і іншых частках сьвету сёньня праходзяць мерапрыемствы, зьвязаныя зь міжнародным жаночым днём 8 сакавіка. Сьвята адзначаюць па-рознаму, у тым ліку жаночымі маршамі і забастоўкамі.
Жаночыя маршы ў краінах СНД
На постсавецкай прасторы ў дзьвюх краінах прайшлі маршы жанчын: іх арганізавалі ва Ўкраіне і ў Кіргізіі.
У цэнтры Кіеву на шэсьці сабралася больш за сто чалавек, паведамляе ўкраінская служба «Радыё Свабода». Пратэстоўцы трымалі плякаты з лёзунгамі супраць гвалту і дамаганьняў да жанчын, за раўнапраўе, а таксама сьцягі ЛГБТ-супольнасьці. Непадалёк прайшоў мітынг правых актывістаў, якія выступаюць за захаваньне «традыцыйных каштоўнасьцяў». Паводле кіеўскай паліцыі, удалося пазьбегнуць правакацыяў паміж дзьвюма групамі.
Акцыі за правы жанчын адбыліся таксама ў Запарожжы, Харкаве, іншых гарадах.
У Бішкеку ў маршы з нагоды жаночага дня вуліцамі прайшлі больш за дзьве сотні чалавек. Мэта акцыі, паводле арганізатараў — вярнуць сьвяту «спрадвечнае» палітычнае значэньне. Удзельнікі патрабавалі ад дзяржавы больш актыўных дзеяньняў з мэтай паменшыць гендэрную дыскрымінацыю. На плякатах былі надпісы, як «Вашых руж недастаткова»і «Не хачу нараджаць дзесяць дзяцей».
У Менску 8 сакавіка прайшоў забег Beauty Run з нагоды жаночага дня. Каля 5 500 дзяўчат і жанчын прабегліся па галоўным праспэкце краіны.
Забастоўкі жанчын у Эўразьвязе
У асобных краінах Эўразьвязу прайшлі ня толькі маршы, але і страйкі жанчын. Страйк, які прайшоў у Бэльгіі, мясцовыя СМІ называюць першым у гісторыі. Арганізацыя «Калектыў 8-га сакавіка» зьвярнулася да ўсіх жанчын у краіне з просьбай не выходзіць на працу і на заняткі ў навучальных установах. Сваю акцыю фэміністкі называюць «страйкам клопату пра іншых»: на думку арганізатараў акцыі, безь няспынных намаганьняў жанчын сьвет ня змог бы праіснавала ніводнага дня.
Паводле бэльгіек, у арганізацыі пратэсту яны натхніліся мінулагоднім страйкам жанчын у Гішпаніі, які атрымаў шырокі розгалас у эўрапейскіх СМІ. Сёлета ў Гішпаніі таксама праходзіць падобная акцыя пратэсту. Тысячы жанчын абвясьцілі страйк, патрабуючы гендэрнай роўнасьці ва ўмовах розьніцы ў аплаце працы мужчын і жанчын, гвалту і агульнай няроўнасьці. Як паведамляе агенцтва Associated Press, шмат работніц не прыйшлі ў офісы і на фабрыкі па ўсёй краіне.
Гішпанскія СМІ паведамляюць, што праз страйкі ў пачатку дня назіраліся значныя абмежаваньні руху чыгуначнага транспарту. Прэм’ер-міністар краіны Пэдра Санчэс і кіруючая сацыялістычная партыя Гішпаніі ў Твітэры выказалі сваю падтрымку пратэстоўцам.