Канцлерка Нямеччыны ў мінулым месяцы адхіліла прапанову Злучаных Штатаў адправіць ваенныя караблі ў Керчанскую пратоку — сьцьвярджае агенцтва Bloomberg са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя са зьместам перамоваў Ангелы Мэркель з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам.
На сустрэчы 16 лютага, у кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, Пэнс, як сьцьвярджаецца, пераконваў Мэркель накіраваць у Чорнае мора нямецкія ваенныя караблі, каб яны зьдзейсьнілі праз Керчанскую пралтоку праход у Азоўскае мора. Гэты жэст, на думку Пэнса, павінен быў прадэманстраваць Расеі, што Захад выступае за свабоду суднаходзтва ў Керчанскай пратоцы і лічыць непрымальным кантроль Расеі над её, — сьцьвярджаюць крыніцы Bloomberg. Як сьцьвярджае агенцтва, Францыя таксама адмовілася адпраўляць свае караблі ў Керчанскую пратоку, назваўшы гэтую ідэю «непатрэбнай правакацыяй». Афіцыйны прадстаўнік Мэркель адмовіўся камэнтаваць паведамленьні.
Сытуацыя вакол Керчанскай пратокі абвастрылася пасьля таго, як 25 лістапада летась пры спробе прайсьці празь яе былі захопленыя тры ўкраінскія ваенныя караблі. Іх маракі па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў маскоўскім СІЗА па абвінавачваньні ў парушэньні расейскай мяжы.