Свабода падлічыла, колькі жанчын працуюць у Беларусі на высокіх пасадах, вызначыла іх прадстаўніцтва ва ўладных структурах.
Урад — адна міністарка
Ва ўрадзе — прэм’ер, 5 ягоных намесьнікаў (1 зь якіх у статусе першага), 24 міністры, 7 старшынь дзяржаўных камітэтаў і 7 кіраўнікоў дзяржаўных арганізацыяў, якія падначаленыя Саўміну.
Сярод 44 кіраўнікоў толькі адна жанчына — міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч. Гэта ўсяго 2,3% ад агульнага ліку.
Савет Рэспублікі — 17 жанчын
Нацыянальны сход Беларусі складаецца зь дзьвюх палат: верхняй (Савет Рэспублікі) і ніжняй (Палата прадстаўнікоў).
Цяпер у Савеце Рэспублікі 57 чалавек. Сярод іх 17 жанчын.
Гэта каля 30% ад агульнай колькасьці «сэнатараў». Мар’яна Шчоткіна — намесьніца кіраўніка палаты.
Адну зь пяці камісіяў (па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве) ачольвае Ала Бодак.
Палата прадстаўнікоў — 38 жанчын
У ніжняю палату ўваходзяць 110 дэпутатаў. Жанчын сярод іх — 38. Гэта каля 35% ад агульнай колькасьці дэпутатаў.
З 14 парлямэнцкіх камісіяў жанчыны ачольваюць 5.
Канстытуцыйны суд — 4 жанчыны
У дзейным складзе Канстытуцыйнага суду 11 юрыстаў.
Сярод іх 4 жанчыны, у тым ліку Натальля Карповіч — намесьніца старшыні. Гэта крыху болей за 36%.
Вярхоўны суд — 32 жанчыны
У старшыні Вярхоўнага суду 5 намесьнікаў, зь якіх адна жанчына — Жанна Шкурдзюк.
Усяго ў краіне 78 чалавек, якія маюць статус судзьдзі Вярхоўнага суду.
Жанчын зь іх — 32. Гэта 41% ад агульнага сьпісу судзьдзяў.
Аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам — без жанчын
Сярод кіраўнікоў шасьці аблвыканкамаў і сталічнага гарвыканкаму жанчын няма.
Райвыканкамы — 4 жанчыны
У Беларусі 118 раёнаў. Цяпер у кіраўніцтве раёнаў ёсьць дзьве вакансіі. Астатнія месцы разьмяркоўваюцца так: 112 мужчын і 4 жанчыны. На долю жанчын прыпадае ўсяго 3,5% старшынстваў.
Цяжка зразумець, чаму, але ўсе чатыры жанчыны ачольваюць раёны адной і той жа вобласьці — Гомельскай. На чале Гомельскага раёну стаіць Алена Алексіна, Добрускага — Вольга Мохарава, Лоеўскага — Вераніка Байкова, Мазырскага — Алена Паўлечка.
Амбасады — 1 жанчына
Раней Свабода пісала, што ў Беларусі цяпер 7 замежных амбасадарак. У той жа час Беларусь прадстаўленая за сваімі межамі толькі адной амбасадаркай — Аленай Купчыной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем і адна. Прыклад гендэрнай няроўнасьці на афіцыйным фота МЗС Беларусі і Аўстрыі. ФАТАФАКТ