Татарскага актывіста арыштавалі за допіс аб узяцьці Казані Іванам Жахлівым

Батырхан Агзамаў

Актывіста руху татарскай моладзі «Азатлык» Батырхана Агзамава абвінавацілі ў распальваньні нянавісьці паміж расейцамі і татарамі пасьля допісу аб узяцьці Казані Іванам Жахлівым у 1552 годзе, піша «Idel.Реалии».

Паводле сьледзтва, на старонцы Агзамава ў сацыяльнай сетцы Ўкантакце ў адкрытым доступе знаходзіліся два відэа — «Это рашизм» і «Русский оккупант» 2015 году і 2016 году, а таксама тэкставая публікацыя «Мы сябе скарыць не дамо ніколі! (Да дня падзення Казані)» за 2017 год.

Агзамаў пісаў, што татары, «фактычна прайграўшы бітву за Казань, не прайгралі вайну за Казань». Ён таксама папракаў татараў у тым, што яны ня ходзяць на мітынгі нацыяналістаў у памяць пра Казанскае ханства (такія акцыі ў Татарстане праходзяць штогод і зьбіраюць прыкладна 100-300 чалавек, піша расейскае выданьне «Коммерсант»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін даручыў распрацаваць плян дзяржаўнай падтрымкі сучаснай музыкі ў Расеі

Суд пастанавіў, што ўсе матэрыялы носяць экстрэмісцкую накіраванасьць, у тэксьце прысутнічаюць «зьневажальныя характарыстыкі, адмоўныя ацэнкі» у дачыненьні да расейцаў.

Акрамя таго, да справы далучылі заключэньне спэцыяліста-псыхоляга, у якім адзначаецца, што ў публікацыях актывіста ёсьць «выразы, накіраваныя на распальваньне нянавісьці; фармаваньне станоўчай эмацыйнай ацэнкі гвалтоўных, узброеных дзеяньняў у дачыненьні да групы асоб; фармаваньне гатоўнасьці да гвалтоўных і узброеным дзеяньняў».

У выніку Батырхан Агзамаў атрымаў трое сутак арышту паводле адміністрацыйнага кодэксу. Ён стаў першым у Татарстане, да каго ўжылі новую адміністрацыйную меру ў дачыненьні да экстрэмістаў. Артыкул уключылі ў Кодэкс пасьля частковай дэкрыміналізацыі падобнага артыкула ў Крымінальным кодэксе Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўныя тэсты для чыноўнікаў — што яшчэ пазычыць беларусам у каталёнцаў для сапраўднага дзьвюхмоўя

Паводле дадзеных аналітычнага цэнтра «Сава», усяго ў Расеі паводле новага адміністрацыйнага артыкулу прыцягваліся да адказнасьці ня больш за дзесяць грамадзян, усё — у лютым 2019 году.

Батырхана Агзамова і раней прыцягвалі да адказнасьці за публікацыі ў сацыяльных сетках, за радыкальныя погляды і ўдзел у незаконных мітынгах. Сам ён ня лічыць сябе вінаватым і кажа, што яго перасьледуюць за актыўную грамадзкую дзейнасьць.