Суд Цэнтральнага раёну Менску разглядзеў справу анархіста і журналіста Мікалая Дзядка.
Як піша «Вясна», судзьдзя Вікторыя Шабуня прысудзіла яму 25 базавых велічыняў (637,5 рубля) за «ўдзел у несанкцыянаванаай акцыі».
Справа тычылася пікету «Свабоду палітвязьням», які прайшоў 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы, сьведкам выступіў супрацоўнік АМАП Эдгар Коласаў (другі сьведка-міліцыянт па прозьвішчы Прымак захварэў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кастрычніцкую плошчу выйшлі ў падтрымку палітвязьняўМікалай Дзядок прызнаў, што браў удзел у акцыі, але не прызнаў віны: кажа, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах рэпрэсіўнае, а на мірную акцыю кінулі «абсурдную» колькасьць міліцыянтаў у цывільным. На судзе высьветлілася таксама, што пратакол на Дзядка быў складзены з парушэньнямі.
На цяперашні суд Дзядка даставілі пасьля затрыманьня 4 сакавіка — ён правёў больш за два дні ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. А затрымалі яго на выхадзе з суду Фрунзенскага раёну, дзе яго трэці раз за паўгода судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» праз сацсеткі.
За акцыю «Свабоду палітвязьняў» шэраг удзельнікаў ужо пакаралі буйнымі штрафамі, а лідэра «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца асудзілі на 10 сутак арышту як арганізатара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў