«Я веру ў мары і самаадданую працу», — дэвіз маладой спартоўкі з Горадні, якая не сьвяткуе 8 сакавіка.
Ці жаночая гэта справа — пускаць у ход кулакі? Пытаемся ў 28-гадовай Ганны Прохаравай — майстра спорту ў боксе, неаднаразовай чэмпіёнкі Беларусі і прызэркі нацыянальных першынстваў.
Гісторыя беларускай баксэркі
- Сьвядомы асяродак Беларускага гуманітарнага ліцэя
- Навучаньне праву ў Плзэні і першы досьвед жаночага боксу ў Празе
- Выбар на карысьць вялікага спорту і першы чэмпіёнскі тытул
- Вяртаньне да навукі ў ЭГУ і цяжкая траўма бацькі
- Падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў 2020 году ў Токіё
Жорсткі спорт зь мілавідным тварам
Свой першы чэмпіёнскі тытул яна выйграла ў 2013-м у вагавай катэгорыі 57 кіляграмаў. У наступныя гады пакрысе прыбаўляла — «падрасла» да 64 кг. Задача, якую ставіць на найбліжэйшую пэрспэктыву — адабрацца ў галоўную зборную на летнія Алімпійскія гульні-2020 у Токіё (катэгорыя да 60 кг).
Гледзячы на Ганну, у апошнюю чаргу падумаеш, што ў крытычнай сытуацыі яна здольная адказаць кулаком — вытанчаная фігура слаба асацыюецца з такім жорсткім спортам. Зрэшты, «анамаліяй» сваё захапленьне ня лічыць: бокс дадае фізычнай вытрымкі і разумовай канцэнтрацыі.
«Чалавек, сам колішні баксэр, які непасрэдна спрычыніўся да майго „захворваньня“ на бокс, зьвярнуў увагу якраз на „грацыю“, а не на сілу ці магутнасьць фігуры, — усьміхаецца суразмоўца. — Спрактыкаваным вокам вызначыў, што хада лёгкая, рукі правільна рухаюцца, ногі добра трымаюць. А гэта галоўная перадумова для хуткай рэакцыі, правільных рухаў, дакладных удараў. Так што ня варта ўсё наўпрост асацыяваць з існуючымі стэрэатыпамі...»
Да лета ў Ганны ў спорце адукацыйная паўза — яна заканчвае 4-ы курс Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Сусьветная палітыка і эканоміка». У выбранай праграме два гады вучылася ў Коўне, завяршальны цыкль — у Вільні.
Пасьля абароны дыплёму мае намер вярнуцца ў вялікі спорт, форму падтрымлівае паводле індывідуальнага пляну.
Акрамя ўсяго, Ганна рэдкая спартоўка, якая размаўляе на беларускай мове і шануе гістарычную сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».
Шчасьлівыя гады ў «падпольным» ліцэі
Ганна Прохарава нарадзілася ў Горадні ў 1990 годзе, яшчэ школьніцай пераехала ў Менск: калі вучылася ў 9-й клясе, тата пабачыў у «Народай волі» абвестку, што Беларускі гуманітарны ліцэй, які высілкамі Мінадукацыі ўжо мусіў пайсьці ў падпольле, праводзіць набор навучэнцаў. І паставіў дачку перад фактам: будзем спрабаваць туды трапіць.
Дзяўчына хоць і сказала «так», аднак ілюзіямі ня цешылася: практычна не гаварыла па-беларуску, а ў падпольным ліцэі гэтае патрабаваньне прынцыповае.
Your browser doesn’t support HTML5
Па выніках сумоўя яе ўзялі на выпрабавальны тэрмін — да заканчэньня летняй сэсіі ў Польшчы, дзе цягам месяца прэтэндэнты мелі магчымасьць паказаць, на што здольныя.
«Ну і, відаць, выкладчыкі паглядзелі, што я адэкватны чалавек, — сьмяецца Ганна. — Хіба зь недахопам беларускага багажу, бо да 9-й клясы размаўляла толькі па-расейску. Дагэтуль памятаю першы беларускамоўны кантакт з кляснай кіраўніцай Дзінай Лісоўскай: па хвіліне думала, як зьвязаць сказ. Была, мякка кажучы, не зусім падрыхтаваная да такога варыянту. Але за наступныя гады ў маёй галаве адбылася сапраўдная рэвалюцыя: я вельмі прасякнулася і нашай гісторыяй, і роднай мовай, і людзьмі, якія працягвалі рабіць справу ў такіх умовах».
Падчас навучаньня ў ліцэі ўдалося пазнаёміцца з выдатнымі асобамі, гасьцямі ўнікальнай навучальнай установы — літаратарамі, мастакамі, гісторыкамі. Удзельнічала ў апазыцыйных шэсьцях ды акцыях салідарнасьці.
Працяг адукацыі ў Чэхіі
А пасьля зьявіўся шанец атрымаць вышэйшую адукацыю ў Чэхіі. Спачатку былі падрыхтоўчыя курсы ў Падэбрадах — там было вывучэньне чэскай мовы і базавых прадметаў, каб праз год на агульных падставах спаборнічаць зь мясцовымі абітурыентамі. Ганна вытрымала ўзмоцнены тэмп і без праблемаў паступіла на паліталёгію ў Заходнячэскі ўнівэрсытэт у Плзэні. Але адолела толькі два курсы.
«Зьбеглася шмат абставінаў, — тлумачыць яна. — У нас вельмі блізкія, даверлівыя адносіны з татам. Ён сталяр, вырабляе з дрэва розныя рэчы. Летам з Падэбрадаў прыехала дадому, дапамагала фарбаваць, пакрываць лякам вырабы. Аднойчы завітаў сусед Міхаіл Бодун — былы баксэр і трэнэр, які пабачыў мяне за працай — якраз цягала з падвалу дошкі. І калі адʼехала на вучобу, сказаў бацьку, што ўважліва за мной назіраў, зь мяне быў бы толк. Гэтага было дастаткова: тата ў маладосьці сам марыў пра бокс, але жыцьцёвыя абставіны таму не спрыялі. Так усё і закруцілася».
Званьне чэмпіёнкі Беларусі
У Плзэні, апроч вучобы, Ганна пачала займацца боксам. Але не сышліся з трэнэрам, штовыходныя даводзілася езьдзіць за 100 кілямэтраў у Прагу, у клюб «Box Club Žižkov». Начавала ў залі ці ў сяброў. Па выніках заняткаў дыстанцыйна раілася з бацькам, разам аналізавалі паядынкі, разьбіралі тэхніку бою. Так паступова папалася ў «пастку»: на сур’ёзным узроўні навука і спорт аказаліся несумяшчальнымі, нечым трэба было ахвяраваць.
«Паўтара года я ўсё больш-менш пасьпяхова сумяшчала, а як стала вядома, што на Алімпіядзе-2012 у Лёндане ўпершыню ў гісторыі будзе прадстаўлены жаночы бокс, усё само сабой вырашылася. Настаў час адказаць самой сабе, што больш важна — навука ці спорт? Бо хацелася быць адметнай, прынесьці карысьць ня толькі сабе, а і Беларусі. І перамог бокс — хоць у Чэхіі я была на стыпэндыі, забясьпечаная жыльлём, з пэрспэктывай бакаляўрыяту і магістратуры. На той момант да канца нават не ўсьведамляла, наколькі няпроста будзе пачынаць фактычна з нуля».
Ганна вярнулася ў Горадню. Кажа, што і ў Чэхіі, і ў Беларусі зьмяніла шмат трэнэраў, у іх ліку згаданы Міхаіл Бодун, Махмуд-алі Рахманкулаў, Валеры Карнілаў, Канстанцін Маханькоў і ўжо нябожчык Андрэй Паўляк. Але самы значны ўнёсак у фармаваньне яе як спартоўкі, прызналася дзяўчына, зрабіў Сяргей Пыталеў, трэнэр менскага клюбу Golden Gloves. У 2013 годзе прывёў выхаванку да першага чэмпіёнскага тытулу і званьня майстра спорту ў 2014-м.
«У Менску навалілася нагрузка, якую было не адужыць без дапамогі звонку. Я трэнавалася, працавала, спрабавала завочна вывучаць права ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, даглядала хворую жанчыну. Калі ў 2015-м у ЭГУ адкрывалася новая праграма „Сусьветная палітыка і эканоміка“, загарэлася — сама назва ўвасабляла мой магчымы патэнцыял на будучыню. Праўда, меркавала вучыцца дыстанцыйна, а ў Вільні высьветлілася, што завочнага набору ў тым годзе ня будзе. Зноў дылема. Зрабіла выбар на карысьць вучобы. Некалькі дзён душылі сьлёзы, бо пакідала справу, якую шчыра рабіла і ставіла перад сабой амбітныя мэты».
Самы моцны накаўт
Увосень 2015-га, у першы ж дзень вучобы ў Вільні, з дому прыйшла кепская навіна: правёўшы дачку на вакзал, у той жа вечар бацька зваліўся зь лесьвіцы, выцяўся патыліцай аб парог ва ўласнай хаце. Пасьля трэпанацыі чэрапа і месяца ў рэанімацыі чалавек, які апантана падтрымліваў усе пачынаньні Ганны, аказаўся нерухомым, быў цалкам паралізаваны.
«Тата адзіны, хто падтрымліваў мяне ў боксе, астатнія родзічы проста вымушаныя былі зьмірыцца з такім выбарам, — прызнаецца яна. — Гэта быў наймацнейшы для мяне накаўт, ад якога я ачомваюся дагэтуль. Але, як той казаў, галоўнае ня тое, зь якой сілай б’еш ты, а якой сілы ўдар можаш вытрымаць. Цяпер я сам-насам са сваім выбарам, і гэта своеасаблівая праверка: ці застануся я верная некалі акрэсьленай мэце? Бо лёгка нечым займацца, калі навокал спрыяльная атмасфэра, і зусім іншае, калі ўсё супраць цябе. Але я спрабую знайсьці сьвятло, новыя хады ў маім тунэлі».
Лекары дагэтуль утрымліваюцца ад таго, каб абнадзейваць сям’ю станоўчымі пэрспэктывамі ачуньваньня гаспадара. Першы час, пакуль бацька заставаўся нерухомы, Ганна ўзяла на сэмэстар перапынак у вучобе, каб суправаджаць яго па лякарнях. Цяпер ён дома, пад даглядам жонкі і сына.
«Ляжаў бездапаможны, бяз догляду ён загінуў бы ў лічаныя дні, — кажа Ганна. — Гэта быў час, калі сьмерць кожны дзень хадзіла ценем. Асабліва калі тату адправілі ў горадзенскі госьпіс. Там даводзілася начаваць, бо яму ў горла была ўведзеная трахеастомная трубка, якую трэба было часта саніраваць, каб тата не задыхнуўся. Некалькі разоў ён там быў на мяжы. Гэта быў самы чорны пэрыяд жыцьця, хацелася проста памерці разам, каб усё скончылася... Цяпер дакладна мушу давесьці да канца тое, чым пачынала займацца — у большай ступені дзеля таты, а ўжо потым дзеля сябе і краіны. Бо гэта наша супольная мара».
Алімпійскія надзеі-2020
Каб набраць былую кандыцыю, Ганна да трэніровак на рынгу дадала гіравы спорт. А выйсьці на пік формы плянуе ўлетку, пасьля абароны бакаляўраўскай работы — і ўжо тады распачаць падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў.
«Спадзяюся, умовы складуцца так, што я буду ў іншым стане падрыхтоўкі і ўдасца трапіць на адборачныя спаборніцтвы. Цягам чатырох гадоў я не пераставала кантраляваць і вывучаць сваё цела. Бокс складаны ў комплексе: каб зрабіць добры ўдар, мусіш укласьціся ўвесь, а ня нейкімі асобнымі часткамі. І калі ня так пастаўленая рука, нага, ці проста залішне згорблены, парушыцца ўся сыстэма. Нават пастава шмат на што ўплывае, бо на выхадзе можа быць слабы ўдар, неэфэктыўная стойка дый проста непрыгожа. Усе гэтыя гады трэба было кантраляваць свой унутраны мэханізм».
У кожным разе, гаворыць Ганна Прохарава, калі ставіць задачы-максымум, трэба будзе наноў змагацца за месца ў нацыянальнай зборнай. Складана, але ў тым няма нічога немагчымага, перакананая яна.
«Незадоўга да таго, як усё ж вырашыла ехаць вучыцца ў ЭГУ, затэлефанаваў мой трэнэр Сяргей Аляксандравіч і сказаў, што мяне ўключаюць у нацыянальную зборную (я тады была першым нумарам у клюбнай камандзе). Але калі здарылася бяда з татам, адчула, што фізычна не пацягну — і перажываньні за галоўнага для мяне чалавека, і стацыянарнае навучаньне, і яшчэ выступы на спаборніцтвах. Цяпер жа шанцы рэальныя, асабліва калі ставіш перад сабой такую задачу: у боксе ўсё можа вырашыцца літаральна за сэкунды — накаўтам ці накдаўнам».
Упэўненасьці суразмоўцы дадае тое, што ў Беларусі канкурэнцыя ў жаночым боксе аб’ектыўна не такая вострая, як у іншых дысцыплінах — баявыя адзінаборствы традыцыйна лічацца мужчынскім заняткам. Таму, на думку Ганны, цалкам рэальна пракласьці сабе дарогу на Алімпійскія гульні.
«Сапраўды, у наc не такая вялікая канкурэнцыя, каб падчас збораў ігнараваць людзей, здольных паказаць добрыя вынікі, — удакладняе Ганна. — Натуральна, ужо сфармаваўся касьцяк нацыянальнай каманды, ёсьць свае лідэры. Але ўсё ж думаю, што праб’ёмся. Улетку я завяршаю бакаляўрыят, ня будзе заняткаў, а значыць, зьявіцца час, каб у перадалімпійскі год з галавой акунуцца ў спаборніцтвы. Плюс я нарэшце атрымала пэўную фінансавую незалежнасьць, працую ў Вільні масажысткай, што ў свой час таксама падтрымаў тата — скончыла ў Менску спэцыяльныя курсы».
Пакуль Ганна Прохарава не бярэцца гадаць, як удасца выкарыстаць на практыцы веды па спэцыяльнасьці, набытай ва ўнівэрсытэце. Але разьлічвае, што ў вялікім спорце яе імя дакладна стане падставай да гонару.