Абаронца Курапат Дзяніс Урбановіч атрымаў з УУС Менскага райвыканкаму ліст, у якім паведамляецца пра адмову ў завядзеньні супраць яго крымінальнай справы паводле абвінавачаньня ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
«Гэта ўжо другая праверка. Зноў вырашылі, што я не вінаваты», — сказаў Урбановіч.
Пра што дакладна паведамляюць абаронцу Курапат?
«Бараўлянскім аддзелам міліцыі Менскага РУУС (...) праведзеная праверка па факце выказваньня Ўрбановічам Д.І. фразы наступнага зьместу: „Гэта наш знак пратэсту супроць незаконнай улады г...ка Лукашэнкі“. Па выніках праведзенай праверкі прынята рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы (...) з прычыны адсутнасьці ў дзеяньнях Урбановіча Д.І. прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 368 КК Рэспублікі Беларусь», — напісана ў адказе за подпісам начальніка Менскага РУУС А.І. Русановіча.
Дзяніс Урбановіч таксама заўважыў, што ў новым лісьце міліцыянты не называюць слова «г...к» мэмам, а проста канстатуюць, што гэта была «нэгатыўная ацэнка», а не наўмыснае прыніжэньне прэзыдэнта.
Што стала падставай для міліцэйскай праверкі
Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у адзін зь ліпеньскіх дзён кампанія наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» пачала абражаць пікетоўцаў.
«Казалі, што прэзыдэнт з намі разьбярэцца. Я пачаў адказваць, тлумачыць, чаму мы пікетуем, ды выказаўся на адрас Лукашэнкі. Цяпер бы, можа, так і не сказаў, але тады быў на эмоцыях», — прызнаўся актывіст.
Ахоўнік рэстарацыі выклікаў міліцыю. На зьдзіўленьне Дзяніса, далейшыя падзеі разьвіваліся надзвычай хутка.
«Ужо празь пяць хвілін я сядзеў у міліцэйскім аўтамабілі і выслухоўваў пытаньні міліцыянтаў, якіх выклікаў ахоўнік. Тлумачэньні даваць адмовіўся, але мяне не адпускалі. Міліцыянты ўзялі відэа з камэры міліцыянта, які заўсёды дзяжурыць каля рэстарацыі, сказалі, што будуць шукаць сьведак, а мне сказалі, каб рыхтаваўся да крымінальнай справы аб абразе прэзыдэнта. „Усё, кажуць, даскакаўся!“», — апавёў Ўрбановіч.
Праверка акалічнасьцяў здарэньня зацягнулася. Мяркуючы па дакумэнтах, якія даслалі Ўрбановічу, экспэртызу выказваньня пра Лукашэнку праводзілі тройчы, а пракуратура Менскага раёну адпраўляла матэрыял на дапрацоўку. Урэшце ў сьнежні міліцыянт Алег Чырук, які праводзіў праверку, прыйшоў да высновы, што прыцягваць Дзяніса Ўрбановіча да адказнасьці няма за што.
Але справа, аказваецца, пераправяралася яшчэ раз, і скончылася чацьвёртая праверка ў канцы лютага.
Ці апошняя гэта праверка выказваньня Дзяніса Ўрбановіча на адрас Аляксандра Лукашэнкі? У Менскім РУУС ад камэнтару адмовіліся. «Я не правяраў, зьвяртайцеся да тых, хто даў адказ», — сказаў дзяжурны міліцыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аднаго ў гіпсе затрымлівалі 5 амапаўцаў». Суд аштрафаваў абаронцу Курапат Дзяніса Ўрбановіча