Ватыкан адкрые сакрэтны архіў папы Пія XII

Папа Пій XII прымае амбасадара ЗША Майрана Тэйлара, які даставіў ліст ад прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэльта, 27 лютага 1940 году

Доступ да Ватыканскага сакрэтнага архіву, які зьмяшчае дакумэнты пэрыяду Другой сусьветнай вайны, будзе адкрыты для дасьледчыкаў у сакавіку 2020 году, заявіў у панядзелак, 4 сакавіка, папа Францішак. Ён выступіў са зваротам да прадстаўнікоў аддзелу ватыканскіх сакрэтных архіваў, паведамляе Reuters.

У архіве захоўваюцца дакумэнты папы Пія XII, якога прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый абвінавачваюць у тым, што падчас Другой сусьветнай вайны ён ня выказаўся супраць Галакосту.

Амэрыканскі габрэйскі камітэт апошнія 30 гадоў заклікаў Ватыкан адкрыць доступ да дакумэнтаў у архіве пэрыяду 1939-1958 гадоў.

У сваім звароце папа Францішак адзначыў, што «да спадчыны папы Пія XII ставяцца з забабонамі і перабольшаньнем», і дадаў, што «царква не баіцца гісторыі, а наадварот — любіць яе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі выступіў за сэксуальную адукацыю ў школах

У 2014 годзе папа Францішак вырашыў не абвяшчаць пачатак працэсу кананізацыі папы Пія XII, бо рэлігійныя арганізацыі ў Ізраілі не жадалі гэтага.

Архіў Пія XII адкрыецца ў наступным годзе, у 81-ю гадавіну яго абраньня пантыфікам. Высьвятленьне экспэртамі фактаў пра ролю Пія XII у Другой сусьветнай вайне паўплывае на рашэньне аб магчымасьці яго кананізацыі.